Евангелле Ян 4, 5–15. 19b–26. 39а. 40–42
У той час:
Прыйшоў Езус ў самарыйскі горад, званы Сіхар, блізка да надзелу зямлі, які даў Якуб сыну свайму Юзафу. Была там студня Якуба. Езус жа, стомлены дарогай, сеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Вось прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Езус кажа ёй: Дай Мне піць. Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы.
Жанчына самаранка кажа Яму: Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, самаранкі? (Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі.) Езус сказаў ёй у адказ: Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе «дай мне піць», то сама прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады. Жанчына кажа Яму: Пане, у цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая; адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы ад айца вашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і дзеці яго, і статкі яго? Езус сказаў ёй у адказ: Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў запрагне, а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не запрагне навекі, але вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае.
Жанчына кажа Яму: Дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць. Пане, я бачу, што Ты прарок. Бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Ерузалеме.
Езус кажа ёй: Павер мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ні на гэтай гары, ні ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. Але надыходзіць час, і цяпер ўжо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе.
Жанчына кажа Яму: Я ведаю, што прыйдзе Месія, які завецца Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё. Езус кажа ёй: Гэта Я, які гавару з табою.
Шмат самаранаў з горада гэтага паверыла ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла, кажучы: Расказаў мне ўсё, што я рабіла. Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён заставаўся там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы слову Ягонаму. А жанчыне казалі: Мы верым ўжо не дзеля твайго апавядання, бо мы самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету.
Смага і вада, якая яе спатольвае, — дзве рэчаіснасці, так знаёмыя нам у паўсядзённым жыцці, знаходзяцца ў цэнтры сённяшняй евангельскай размовы Езуса з самаранкай каля студні Якуба. Жанчына з Самарыі ведала пра варожасць паміж самаранамі і габрэямі. Яна здзівілася, што Езус, будучы габрэем, папрасіў яе даць Яму напіцца. Самаранка была жанчынай рэлігійных поглядаў, добра разумела і адчувала адрозненні паміж габрэйскай і самаранскай верай. Яна ведала, што аднойчы прыйдзе Месія, які адкрые ўсё, што дагэтуль было таямніцай.
У размове Езуса з самаранкай вада для Збаўцы з’яўляецца вобразам, які паказвае больш глыбокія, духоўныя і нязменныя каштоўнасці для кожнага, хто жыве ў любы час і ў любым месцы. Самаранка ж, наадварот, прытрымліваецца літаральнага значэння вады. Так што размова адбываецца на двух цалкам розных узроўнях. Езус просіць: “Дай мне піць!”. Ён пачынае незвычайны дыялог і паказвае нам, што Бог першы праяўляе ініцыятыву ў кантакце з чалавекам. Гэта Ён пастаянна запрашае да больш блізкіх адносін кожнага і нават тых людзей, якія ўжо дасягнулі пэўнага рэлігійнага разумення і духоўнага ўзросту. Перад Богам мы заўсёды і на любым узроўні застаёмся слабымі ды кволымі, маем патрэбу ў Яго жывой вадзе, гэта значыць патрэбу жыватворнай ласкі Святога Духа.
Самаранка, хоць і павольна, адкрывае для сябе неардынарнасць Чалавека, якога сустрэла: не просіць у Яго асаблівых дароў, хоць, безумоўна, у яе былі шматлікія патрэбы. Адзіная яе просьба: “Дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць”.
Нам здаецца, што гэтая просьба замалая для такой вялікай нагоды, якая ёй прадставілася. Магчыма, яна стварыла для сябе свет, у якім адчувала сябе, нягледзячы на цяжкасці, даволі шчаслівай і не мела большых жаданняў. Гэта можа здарыцца і з намі. Калі мы не займаемся пошукам жывой вады, пошукам Бога, мы інстынктыўна павінны нечым запоўніць гэтую пустэчу. Такім чынам, мы стараемся напоўніць сваё жыццё іншымі “маленькімі выгодамі”, такімі як празмерная актыўнасць, імкненне да поспеху, навязванне сваёй любові і сяброўства іншым, пошук пачуццёвых перажыванняў або празмернае спажыванне матэрыяльных даброт.
Вялікі Пост – добрая нагода, каб зразумець што сапраўды важнае і галоўнае для нас, а сённяшняе Евангелле – напамін, што жаданне жывой вады, ласкі, сяброўства з Езусам – найважнейшае жаданне і прагненне кожнага хрысціяніна.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!