Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.
Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.
І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
Яўрэі, памятаем, любілі заклікаць Езуса, каб паказаў ім нейкі знак. Сёння ў Евангеллі Езус дае гэты знак – прабітыя рукі і прабіты бок. Чаму раны Езуса засталіся на Яго целе нават пасля ўваскрасення? Гэта адбылося таму, што подзвіг Хрыста ў адкупленні ўсяго чалавецтва мае бясконцую вартасць. Раны Езуса на Яго целе таксама падказваюць нам адну ісціну: да ўваскрасення можна дайсці толькі праз крыж. Калі мы хочам удзельнічаць у перамозе Хрыста над грахом і смерцю, нам неабходна ўсвядоміць сабе вартасць цярпення. Сабраным у доме апосталам Езус дае наказ адпускаць грахі. Але хто можа гэта рабіць? Толькі сам Бог. Апосталы надзяляюцца Боскай уладай. Трыдэнцкі сабор у 16 стагоддзі ў сваіх дакументах акрэсліў, што менавіта пасля свайго ўваскрасення падчас аб’яўлення вучням Езус устанавіў сакрамант паяднання. Настаўнік перадаў уладу адпускаць грахі сваім вучням і іх пераемнікам – біскупам. Нам варта памятаць пра гэта, калі прыступаем да споведзі. Мы, як тыя хто спавядаецца, так і тыя хто спавядае, з’яўляемся ўдзельнікамі Божага працэсу аздараўлення душы. Калі сам Езус пакінуў нам гэты сакрамант, значыць ён асабліва важны. Таму варта не забывацца часцей перажываць рахунак сумлення. А таксама варта задумвацца над сваімі пражытымі днямі і тыднямі, перапрашаючы Бога за ўчыненае зло. Асабліва памятаем, што маем абавязак у велікодным часе перажыць сакрамант паяднання і прыняць Святую Камунію.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку