Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.
Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.
І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
Гэта быў, мусіць, самы цяжкі тыдзень у жыцці Тамаша. З аднаго боку, захопленыя апосталы, якія з узнёслымі пачуццямі расказваюць, — бачылі ўваскрэслага Хрыста, а з другога боку, яго думкі, якія не дазваляюць яму паверыць. Верагодна, ён спрабаваў хоць неяк паверыць у гэтыя аповеды аб уваскрэсенні, але тут жа ў яго галаве з’явіліся думкі: “гэта немагчыма, мусіць ім гэта падалося, у іх былі галюцынацыі, яны так засумавалі па Настаўніку, што ўбачылі Яго…”. Не здзіўляе, калі ён нават пасварыўся з астатнімі апосталамі, адстойваючы свае думкі.
Паколькі Тамаш не хоча верыць у відавочныя факты, яго трэба ахарактарызаваць адпаведным эпітэтам: “які сумняваецца”, “які адмаўляе”, “халодны інтэлектуал”, а можа быць, і “дурань”. Кожны з гэтых эпітэтаў раніць дзесьці глыбока, бо ў глыбіні душы Тамаш усё ж хацеў верыць як яны, але не мог! Ён хацеў… але чым больш ён хацеў, тым больш інтэнсіўна працаваў яго розум і ён знаходзіў усё больш аргументаў, якія занадта відавочна адмаўлялі магчымасць уваскрэсення. І гэтак далей, і гэтак далей, гадзіну за гадзінай, дзень за днём, на працягу сямі дзён!
І вось Тамаш стаіць на каленях перад уваскрэслым Хрыстом, датыкаючыся да Яго рукамі і перажываючы тое, што з’яўляецца самым цяжкім у яго жыцці, і ў той жа час самым вызваляючым. Магчыма, менавіта ў гэтым моманце адбываецца кропка судотыку са святам Божай Міласэрнасці, якое мы святкуем у гэтую нядзелю ўжо некалькі гадоў. Евангелле з эпізодам пра Тамаша стагоддзямі займала сваё месца ў другую нядзелю Вялікадня. Праз сястру Фаустыну мы даведаліся, што воляй Езуса з’яўляецца свята Божай Міласэрнасці менавіта ў гэтую нядзелю. Як быццам гэта было свайго роду ўказаннем: “гэтая нядзеля гаворыць пра Маю міласэрнасць”.
Гледзячы на Тамаша, мы можам апісаць вопыт міласэрнасці як сустрэчу з Езусам, якая ачышчае, вызваляе і ўзнаўляе. Тамаш раптам бачыць усю бязглуздзіцу, недарэчнасць свайго мыслення. Усе гэтыя бясспрэчныя довады становяцца настолькі пустымі і смешнымі, што аб іх і думаць няёмка. Думка пра тое, што ён хацеў засунуць пальцы ў раны Езуса, напаўняе яго агідай да сябе.
Магчыма, нам трэба таксама перажыць нешта падобнае, каб адчыніць сябе Божай літасці і прабачэнню. Такая сустрэча з Езусам, падчас якой мы бачым свае паводзіны зусім недарэчным вельмі важная для нас. Пры згадванні ўсіх нібы мудрых довадаў нам прыходзілася апраўдваць грэх, уласную ганарыстасць, эгаізм, сумневы, нявер’е. «Пан мой і Бог мой» і мой сорам, боль, шкадаванне, але Той, што ачышчае і адорвае сваёй міласэрнасцю.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
