Разважанне на IІ Нядзелю Адвэнту. Год А. 4 снежня

Евангелле Мц 3, 1–12

У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае. Бо гэта той, пра каго сказаў прарок Ісая: Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму. Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх; а ежай яму была саранча і дзікі мёд. Тады Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана выходзілі да Яго. І прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі.

Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад надыходзячага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння, і не думайце казаць у думках сваіх: Наш айцец — Абрагам. Бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў  агонь.

Я хрышчу вас у вадзе для пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я не варты несці сандалі Ягоныя. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў свіран, а мякіну спаліць агнём непагасным.

Людзям, каб сустрэцца з прарокам Янам Хрысціцелем, трэба было прайсці няпросты шлях. Бо ён абраў месцам свайго служэння Юдэйскую пустыню і раку Ярдан. У Евангеллі мы чытаем: Тады Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана выходзілі да Яго. Трыццаць кіламетраў па гарачыні  — гэта сапраўды выпрабаванне.

Адвэнт – гэта таксама час выпрабавання і намагання. Нам таксама трэба выйсці на пустыню свайго жыцця. Можа, зашмат было шуму дагэтуль, зашмат руху і мітусні? У чаканні Нараджэння Пана варта суцішыцца і паслухаць голас Бога. Што пастанаўлю сабе на гэты асаблівы час навяртання? Можа, больш малітвы і ўдзел у раратах? А можа, хаця б зрабіць адвэнтовы вянок і павесіць на дзвярах, каб і навакольныя задумаліся пра Адвэнт?

Насамрэч пытанне сімволікі ў рэлігійным жыцці немалаважнае. Ян Хрысціцель прамаўляў да слухачоў на пустыні, каб прыпомніць ім гісторыю выбаўлення іх продкаў з Егіпецкай няволі. Ярдан – гэта рака, дзе атрымаў ачышчэнне ад праказы Нааман Сірыец. Гэта таксама рака, ад якой пачалося засяленне абяцанай зямлі пад кіраўніцтвам Езуса Навіна. Аднак, вядома сама сімволіка – гэта толькі дапамога ў навяртанні. Самае галоўнае адбываецца ў розуме і сэрцы чалавека. Няхай жа Адвэнт стане для нас ачышчэннем ад духоўнай праказы. Памятайма, што ўсе мы на шляху да абяцанай спадчыны – Нябеснага Валадарства.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі