У той час:
Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму. Пасля ж таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.
Дух выводзіць Езуса ў пустыню. Такім чынам Ён як бы паўтарае шлях самых першых людзей – Адама і Евы, якім таксама было наканавана пакінуць Эдэмскі сад. У гэтым бачная глыбокая Божая задума, якая пакрысе раскрываецца перад намі, калі мы разважаем над Божым словам у кантэксце двух Запаветаў: Старога і Новага.
Езус прабывае ў абшары ля Мёртвага мора 40 дзён. Што прыпамінае нам гэтая лічба? Менавіта столькі ж дзён прабываў Майсей на гары Сінай, дзе атрымаў дзесяць Божых наказаў ад Госпада. Сорак гадоў вандраваў абраны народ па пустыні перад тым, як увайсці ў абяцаную зямлю. Пустыня ў Бібліі – гэта небяспечнае месца, дзе пануюць сілы зла і рыскаюць драпежныя звяры. Езус прыходзіць сюды, каб прайсці праз спакусы, перажыць выпрабаванне. Яго спакушае сатана. Той самы, які спакушаў Адаму і Еву. “Сатана” азначае “праціўнік”, “непрыяцель”. Езус уваходзіць на яго тэрыторыю, каб яго перамагчы. Але якім чынам перамагчы? Ці ў адзін момант сваёй Боскай моцай, як маланка з неба? Не. Езус перамагае сатану ў чалавечым целе, будучы самым звычайным чалавекам і сапраўдным Богам.
Хрысціянская традыцыя прыпамінае нам, што духоўнае змаганне – гэта істотная частка жыцця ў Хрысце. На самай справе ўся чалавечая гісторыя – гэта гісторыя змагання са злом. Беручы прыклад з Хрыста, нам трэба адкінуць і перамагчы д’ябла з дапамогай Божай ласкі. Так, часам мы можам сябе адчуваць усяго толькі адзінокімі слабымі ваярамі ў пужлівым пустынным месцы. Але варта памятаць, што, як Бог паслаў сваіх анёлаў Хрысту, так і нас не пакіне без дапамогі. Трыванне і малітва – вось што нам неабходна, калі мы перажываем перыяд Вялікага Посту.
Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
для друку