Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх: так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая пакінутая.
Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо ведаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.
Евангелле з гэтай нядзелі заклікае нас чуваць і быць пільнымі. Езус нагадвае, што Яго прыход будзе падобны да дзён Ноя. У дні Ноя шмат было людзей, якія ніяк не задумваліся пра адносіны з Богам, а жылі сабе цалкам бесклапотна. Ной уратаваўся ад патопу не таму, што быў добрым сіноптыкам і пільна сачыў за небам. Ной прыслухоўваўся да Божага голасу. Нам сёння трэба мець падабенства з ім. Трэба жыць так, як быццам бы канец свету быў ужо праз гадзіну ці заўтра. Адвэнт – гэта школа падрыхтоўкі да прыходу Божага Сына. Што значыць чуваць па-хрысціянску? Чуваць – гэта значыць жыць Божай навукай, гэта значыць – зрабіць і сваю працу і свой адпачынак Божымі. Зусім неабавязкова праводзіць дні і тыдні ў строгіх пастах і начных малітвах. Дастаткова проста сваё жыццё напоўніць Божым Духам. Тады Божы голас у нашым жыцці будзе гучаць вельмі выразна і яго нельга будзе зблытаць з ніякім іншым.
Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая пакінутая. Зазвычай гэты ўрывак даследчыкі разумеюць, як апісанне таго, што тыя каторыя ўзяты – гэта людзі, што апынаюцца ў небе, а тыя якія пакінутыя – гэта тыя, хто не варты неба. Аднак, гэты ўрывак можна інтэрпрэтаваць і наступным чынам. Той, хто ўзяты – гэта той, каго ўзялі, каб даў сведчанне веры, г.зн. мучанік. Той, хто застаўся – гэта той, каго абмінуў лёс пакутніцтва. Гэтыя людзі адарваныя ад сваёй штодзённасці, ад працы. Прыход Сына Чалавечага раптоўны. І да яго трэба быць заўсёды гатовым.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку