У той час:
Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім. І калі Езус сядзеў за сталом у доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў прыйшло і села за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Езус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць «міласэрнасці хачу, а не ахвяры». Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў.
Евангеліст Мацвей сам апісвае сваё пакліканне: “Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім”. Як жа проста і лёгка напісаў аб сваім пакліканні святы ў сённяшнім Евангеллі. Мацвей быў мытнікам у Капернауме, горадзе, які знаходзіўся на заходнім беразе Генісарэцкага возера. Ён меў таксама і другое імя — Левій.
Чаму Езус выбраў менавіта яго, чалавека, які, лагодна кажучы, вёў не зусім правільны стыль жыцця і належаў да так званай “нячыстай прафесіі”? Асаблівай пагардзе ў часы Хрыста былі падвержаны пастухі, маракі, купцы, знахары, мяснікі, працаўнікі лазні і вядома ж мытнікі. Наступствам пагарды і розных форм грамадскай ізаляцыі часта станавілася іх яшчэ большае маральнае абядненне і азлобленасць. Такія людзі былі ў нейкім сэнсе згубленыя, але грамадства не лічыла гэта стратай для сябе. Хутчэй наадварот, падзелы гэтыя ўспрымаліся як свайго роду “санітарныя” меры па прадухіленню рытуальнай нячыстасці.
Хрыстус убачыў Мацвея… Убачыў не столькі вачыма цела, але позіркам сардэчнай міласэрнасці. Згодна з традыцыяй, пасля ўнебаўшэсця Хрыста Мацвей каля 42 г. пакінуў Палестыну і накіраваўся абвяшчаць Евангелле ў Егіпце і Эфіопіі. Там ім былі здзейсненыя шматлікія аздараўленні, загінуў і ўжо першыя хрысціяне ўшаноўвалі яго як мучаніка.
Штодзённа Хрыстус кіруе і да мяне гэты заклік… Заклік да жыцця ў святасці, заклік да быцця добрым чалавекам, адданым Пану, заклік да быцця добрым мужам ці жонкаю… У кожнага – сваё, непаўторнае пакліканне…
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
