А Ён казаў ім, навучаючы: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць прывітанні на рынках, і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд». Сеўшы насупраць скарбонкі, Езус назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складае чвэрць аса. Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой.
Езус асцерагае сваіх вучняў, а гэта значыць і нас, быць падобнымі да кніжнікаў, якія любяць атрымліваць праслаўленне народа. Нам хрысціянам 21 стагоддзя трэба правільна разумець словы Хрыста. Езус зусім не асуджае кагосьці, хто нечага дабіўся ў сваім жыцці вучобай і працай. Сапраўды, грамадства такім чынам арганізаванае, што ў ім існуюць пэўныя кіраўнічыя пасады. І хтосьці мусіць іх займаць, каб служыць агульнаму дабру. Абурэнне Езуса выклікае не сам статус кніжнікаў. А тое, як гэты статус яны ўжываюць для ўласнага праслаўлення і ўзбагачэння, што церпяць самыя безабаронныя: удовы. Варта нагадаць, што гэтая катэгорыя людзей была вельмі ўразлівая ў часы Хрыста, а кніжнікі карысталіся гэтым на сваю выгаду.
Многія багатыя кідалі памногу грошай у скарбонку. Грошы ўяўлялі сабой манетныя наміналы, таму выдавалі моцны гук пры кіданні. Гэтым багатыя ахвярадаўцы хацелі звярнуць увагу прысутных на свой учынак. Бедная ўдава ўкінула сціплую ахвяру, якую заўважыў Езус. Ён палічыў неабходным сабраць сваіх вучняў і ўказаць на гэты факт. Цікава, што словы, якія мы чытаем у евангеліста Марка ў гэтым урыўку, гэта апошнія словы, сказаныя Езусам у старазапаветнай святыні. Як бы такі наказ усім нам, запавет. Людзі, — кажа Езус, — не дазвольце вашым пасадам, грошам, маёмасці заняць месца Бога. Наадварот, выкарыстоўвайце іх, каб служыць Богу і праслаўляць Бога праз усё тое, што маеце і чаго дабіліся. Памятайце пра бедных, не хваліцеся сваімі добрымі ўчынкамі.
Крыху далей па тэксце Езус прадкажа зруйнаванне святыні. Сёння гэтага храма ўжо няма. Засталася адна толькі Сцяна Плачу. Але трываюць словы Езуса і Яго навучанне. Няхай Яго слова запануе ў жыцці кожнага з нас!
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
