У той час:
Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць — мудрых. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі.
Але сярод ночы ўзняўся крык: Вось жаніх, выходзьце яму насустрач. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць. А мудрыя адказалі: Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе.
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, пане, адчыні нам. Ён жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: не ведаю вас.
Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.
У гэтым урыўку з Евангелля паводле Мацвея мы становімся назіральнікамі вясельнага абраду часоў Езуса Хрыста. У каталіцкай тэалогіі Езус паўстае вельмі часта ў вобразе Жаніха, які шукае сваю Абранніцу. А хто такая Абранніца? Гэта сам Касцёл, супольнасць людзей, якую шукае Бог. Адносіны Бога-Любові да чалавека падобныя да адносін закаханых. Адно без другога закаханыя не могуць жыць. Яны смуткуюць адно па адным, іх думкі занятыя толькі закаханай асобай. Бог закаханы ў чалавека і не хоча без гэтага чалавека быць. Таму на працягу вякоў рэхам адбіваецца вокліч Бог, Які шукае Адама: “Адаме, дзе ты?” А Адам схаваўся ў гушчары лесу, Адам уцёк ад Святла туды, дзе цемра. Бог не хоча мірыцца з нашай цемрай, бо Ён сам – Святло.
У сённяшняй прыпавесці мы можам падкрэсліць яшчэ адну немалаважную дэталь. Гэта алей для лямпы. Усе каментатары Святога Пісання сыходзяцца ў адным: алей у гэтым выпадку сімвалізуе добрыя ўчынкі чалавека. Яшчэ ў іншым месцы Езус кажа: “Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах”. Каб выйсці з цемры, нам неабходнае святло. Каб спаткацца з Богам-Жаніхом, нам неабходнае святло – нашыя добрыя ўчынкі. Памыляюцца нашыя браты-пратэстанты, якія гавораць, што для збаўлення дастаткова веры ў Бога. Так, вера – гэта зарука нашага ўваходу ў Божае Валадарства, вера – гэта Божы дар, які неабходны нам для збаўлення. Аднак сённяшняя прыпавесць пра разумных і неразумных паннаў падкрэслівае, як важна быць добрым чалавекам. Як важна не спыняцца рабіць дабро і багацець перад Богам менавіта ў гэтым: у тварэнні дабра. У гэтым і праяўляецца сапраўдная мудрасць верніка.
Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
