Адзін кніжнік, падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх? Езус адказаў: Першая такая: Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім,і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Другая: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя. І сказаў Яму кніжнік: Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага апрача Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні. Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: Недалёка ты ад Валадарства Божага. І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
Пытанне кніжніка Езусу выглядае цалкам натуральным, калі ўспомніць, што рабіністычная традыцыя мела ажно 613 розных нормаў і запаведзяў, абавязковых для яўрэя таго часу. Фарысеі і садукеі часта праводзілі дыскусіі з мэтай вызначыць іерархічнасць гэтых наказаў. Якая ж запаведзь з гэтых соцень наказаў самая важная? Езус выразна ўказвае на самую галоўную запаведзь. Гэта – запаведзь любові Бога і запаведзь любові бліжняга. Гэтыя наказы ўзаемадапаўняльныя. Нельга аддзяліць адзін ад другога.
Бога трэба любіць усім сэрцам. Сэрца – гэта глыбіня чалавечай асобы, крыніца яго жаданняў і рашэнняў. Ужо там павінна быць любоў да Бога. Душа – гэта тое, што нас ажыўляе. Гэта значыць трэба Бога любіць усім сваім жыццём, усім існаваннем. Розум – гэта тое, што дапамагае нам планаваць, шукаць прычыны, быць разумнымі. І ў розуме павінна быць нашая любоў да Бога. Езус успамінае і пра моц, з якой трэба любіць Найвышэйшага. Гэта значыць, любоў да Бога не можа быць толькі хвілінным захапленнем, парывам спантанных эмоцый. Любіць Бога з усёй моцай азначае любіць Яго няспынна ў кожную хвіліну. І тады, калі лёгка і тады, калі цяжка ў жыцці.
Любіць жа бліжняга трэба, як самога сябе. Мы вельмі часта скупыя на любоў да бліжняга. І забываемся, што Нябеснае Валадарства – гэта Валадарства супольнасці і адзінства з Богам і людзьмі. Нам дадзены шанец на зямлі навучыцца любіць другога чалавека. Бо калі не навучымся, Божае Валадарства будзе для нас зачыненым. На першы погляд такі найвышэйшы ўзровень любові здаецца для нас цяжкаасягальным. Але варта паглядзець на самога Хрыста, як Ён палюбіў чалавека? Яго ахвяра на крыжы за ўсё чалавецтва з’яўляецца самай дасканалай ахвярай. Ён — тое самае Ягнё, якое бярэ на сябе грахі свету і выбаўляе яго з цемры. Наш Збавіцель паказвае нам шлях і спосаб, як трэба любіць Бога і бліжняга: без выключэнняў і дарэшты.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
