Калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Езус спыніўся і сказаў: Паклічце яго. І паклікалі сляпога, кажучы яму: Смялей, уставай, Ён кліча цябе. Скінуўшы плашч, той падскочыў і падышоў да Езуса. І адказваючы яму, Езус сказаў: Што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Настаўнік, каб я зноў бачыў. Езус сказаў яму: Ідзі, вера твая вылечыла цябе. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.
Евангеліст Марк апісвае нам здарэнне, якое адбылося на шляху Езуса ў Ерузалем. Гэтым разам яны з вучнямі выходзяць з самага старажытнага горада ў свеце. Ерыхон паводле сведчанняў археолагаў існаваў ужо 8000 гадоў да нараджэння Хрыста. Гэта быў горад які зведаў многія трагедыі і поспехі, які бачыў вайну і мір, росквіт і ўпадак. Для нас жа, чытачоў ХХІ стагоддзя, цікава не толькі гісторыя гэтай мясцовасці, але і людзі, пра якіх распавядае евангеліст Марк.
Перш за ўсё – гэта сляпы жабрак Бартымей. Пачуўшы, што Езус праходзіць па дарозе, ён усклікае, што ёсць моцы: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною! Ідуць вакол натоўпы пілігрымаў, многія абыякава глядзяць на Езуса, некаторыя сумняюцца. Ёсць людзі і з варожым стаўленнем. А гэты бедны чалавек вызнае веру ў Хрыста! На самой справе сляпы жабрак бачыць лепш чым многія відушчыя. Ён распазнае ў Езусе менавіта таго Божага Месію, якога чакаў тысячагоддзі свет. Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Гэта крык, які і сёння трэба выгукнуць з нашых вуснаў, з нашых сэрцаў. Езусе, Сыне Давіда, змілуйся над намі ў час варажнечы, у час эпідэміі, у час цярпення!
Адбываецца неверагодны цуд. Сляпы пачынае бачыць. Урывак Евангелля заканчваецца словамі: і пайшоў за Езусам па дарозе. З усіх тых, чыё аздараўленне апісвае Марк у Евангеллі толькі Бартымей пазначаны з імем. Чаму так? Хутчэй за ўсё таму, што яго імя было вядома ўжо ў першым Касцёле, сярод першых хрысціянаў. Бартымей стаў вучнем Хрыста, бо пайшоў Ягоным шляхам. Ён атрымаў не толькі ласку зроку, але і ласку вечнага збаўлення, ласку вечнага жыцця з Хрыстом.
Ці мне з Езусам па дарозе?..
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
