Разважанне на 3 Велікодную нядзелю. Год В. 18 красавіка

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 24, 35–48

У той час:

Вучні Езуса расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як яны пазналі Езуса ў ламанні хлеба.

Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў: Спакой вам.

Устрывожаныя і напалоханыя яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: Чаму засмуціліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: бо дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю. Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі.

А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: Ці маеце тут што з’есці? Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі.

І сказаў ім: Гэта словы мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах. Тады асвяціў іх розум, каб яны разумелі Пісанне.

І сказаў ім: Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага.

У Евангеллі мы чытаем пра тое, як Езус пасля свайго ўваскрасення аб’яўляецца вучням. Вучні ўсё яшчэ не вераць апавяданню іх таварышаў, што вярнуліся з Эмаус. Вестка пра ўваскрослага Хрыста ўсё яшчэ выглядае занадта неверагоднай. Раптам сярод іх з’яўляецца жывы Езус. Вучні думаюць, што перад імі прывід. Каб пераканаць іх у адваротным, Езус выкарыстоўвае тры спосабы.

Па-першае, Настаўнік запрашае паглядзець на яго рукі і ногі. А што на іх? На іх засталіся сляды ад укрыжавання. Навошта гэтыя раны жывому Езусу? Чаму яны засталіся на целе ўваскрослага і жывога Хрыста? Раны Езуса сведчаць пра тое, што Яго ўваскрослае цела – гэта тое самае цела, якое вісела на крыжы. Гэта знак для нас. Таксама прабітыя рукі і ногі Хрыста прыпамінаюць нам, што ўваскрашэнне немагчымае без крыжа. Каб увайсці ў нябесную вечную рэчаіснасць, трэба перажыць крыж.

Па-другое, Езус запрашае сваіх сяброў і вучняў дакрануцца да Яго. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: бо дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю.

Па-трэцяе, паколькі вучням яшчэ мала гэтых доказаў, Езус просіць падаць яму што-небудзь з ежы. Вучні падаюць Яму кавалак печанай рыбы. Цяпер сумневаў няма. Гэта сапраўды Пан. Езус распавядае прысутным, што ў Ім спаўняецца ўсё Пісанне. Ён асвячае іх розумам, каб змаглі зразумець Божае слова. Пасля гэтага ідзе наказ пра абвяшчэнне Евангелля і пакаянне ўсім народам. Менавіта таму місійны характар Касцёла застаецца нязменным на працягу стагоддзяў. Ён датычыць як “прафесійных” прапаведнікаў – святароў, біскупаў і дыяканаў, так і шараговых вернікаў, якія пакліканыя абвяшчаць Евангелле там, дзе жывуць.

Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку