У той час:
Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: Кім людзі лічаць Мяне? Яны адказвалі Яму: Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў. А Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстус. І загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглязеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае.
І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго.
Езус падчас сваёй зямной місіі шмат падарожнічаў. Ён праходзіў розныя большыя і меншыя паселішчы, прапаведаваў у чыста яўрэйскіх і пераважна язычніцкіх мясцінах. Ён навучаў людзей і сваіх найбліжэйшых вучняў – апосталаў – на шляху. Напэўна пагэтаму спачатку хрысціянства называлася менавіта Шляхам Гасподнім. Успамін пра гэты тэрмін знаходзім у Дзеях апосталаў 9, 2 і 9, 25-26. Хрысціянства – гэта Шлях, па якім мы пакліканы ісці на працягу свайго жыцця. Гэта — рух, гэта — дынаміка. Гэта — гатоўнасць да нечага новага. Ніколі нельга сказаць, што я ўсё ўжо спазнаў у хрысціянстве. Я, маўляў, прачытаў Біблію і многія іншыя святыя кнігі, таму разбіраюся ўжо ў многіх рэчах. На прыкладзе Пятра апостала бачым, што такая ўпэўненасць можа прывесці да таго, што Езус моцна нас дакарыць. Пётр вызнаў веру ў Хрыста, як Месію. Ён адказаў за ўсіх вучняў па праву таго, каму належала першынство сярод апосталаў. Алё ён няправільна зразумеў сутнасць Месіі. Езус не прыйшоў адбудоўваць зямное каралеўства Ізраэля, Яго мэтай не было нават скінуць ненавіснае для яўрэяў рымскае ярмо. Езус прыйшоў, каб перамагчы зло, каб выбавіць усё чалавецтва ад граху і смерці. “Адыдзі ад мяне, сатана, — кажа Езус Пятру. Іншыя пераклады перадаюць гэты ўрывак, як: Ідзі за мной, сатана. Езус заклікае Пятра перастаць агучваць сваё бачанне Месіі і пайсці следам за Збавіцелем. У сваёй абмежаванасці і грахоўнасці чалавек, бывае, выпячвае самога сябе наперад. Неабходна ж рабіць наадварот: дазволіць Езусу весці мяне па Ягоным шляху, уважліва слухаць Ягонае слова і выконваць Ягоную волю. Нават тады, калі гэтая воля азначае крыж і цярпенне.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
