Разважанне на 23 звычайную нядзелю. Год В. 5 верасня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 7, 31–37

У той час:

Езус выйшаў з зямель Тыру і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дэкаполіса. І прынеслі да Яго глуханямога, і прасілі, каб усклаў на Яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, паклаў у яго вушы свае пальцы і, плюнуўшы на іх, дакрануўся імі да ягонага языка. І, паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффата! — што значыць: Адкрыйся. І адразу ж  адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна.

Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны яшчэ больш апавядалі. І, будучы надзвычай здзіўленымі, казалі: Ён зрабіў ўсё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць.

Святы Ірыней некалі сказаў: Хвала Бога – гэта чалавек, які жыве. Бог задумаў чалавека як унікальную цэласнасць душы і цела. Вельмі важна, каб у сваім штодзённым жыцці мы не забываліся пра гэтую інтэгральнасць. У Евангеллі Езус аздараўляе глухога і нямога чалавека. Спаўняюцца прарочыя словы прарока Ісаі аб дзейнасці Месіі. Збавіцель звяртае ўвагу не толькі на душу чалавека, але і на яго цела. Езус дае магчымасць чалавеку зноў чуць і зноў гаварыць. Тым самым Месія ўказвае, што прыйшоў аднавіць парушаны першародным грахом парадак свету. Ад самога пачатку чалавек быў пакліканы да паўнавартаснага цялеснага і духоўнага жыцця. Аднак першае грэхападзенне змяніла ўсё. Цяпер чалавеку, каб чуць Бога і размаўляць з Ім, неабходная Божая дапамога – Божая ласка. Бог не хоча мірыцца з нашай нематой і глухатой. Увесь чалавек пакліканы да кантакту з Богам. Таму варта сказаць, што памылкай з’яўляюцца ідэі аб тым, што толькі душа вартая нашай увагі. У Евангеллі Езус указвае якраз такі на тое, што не менш важнае і цела чалавека. Таму што падчас уваскрашэння з памерлых напрыканцы часоў Божай хвалы будзе вартая не толькі душа, але і цела чалавека. Пра важнасць цела ў духоўным жыцці нам таксама гавораць святыя сакраманты: усе яны былі б немагчымымі, калі б не актыўны ўдзел людскога цела ў іх прыняцці. Няхай жа Божая ласка дапамагае нам быць гаваркімі ў дыялогу з Богам, казаць Яму пра нашыя актуальныя пытанні і клопаты. Але таксама няхай гэтая ласка нам дапамагае пільна і ўважліва Яго слухаць.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку