У аўстрыйскім Зальцбургу адбудзецца пленарная асамблея CCEE, падчас якой старшыні епіскапатаў Еўропы абмяркуюць евангелізацыю, сінадальнасць і місію святароў, а таксама выберуць новае кіраўніцтва арганізацыі, паведамляе Vatican News.
Штогадовая сустрэча Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (Consilium Conferentiarum Episcoporum Europae, CCEE) пройдзе з 27 па 30 кастрычніка 2026 года ў адукацыйным цэнтры імя святога Віргілія. Яе тэма – “Евангелізацыя і сінадальнасць: місія сённяшніх святароў у Еўропе”.
Удзельнікі сустрэчы абмяркуюць рэалізацыю рашэнняў Сінода, актуальную сітуацыю ў Еўропе і місію святароў у святле апостальскай адгартацыі Францішка “Evangelii Gaudium”, прысвечанай абвяшчэнню Евангелля ў сучасным свеце. У праграме таксама прадугледжаныя выступленні прадстаўнікоў Святога Пасада і еўрапейскіх касцельных структур.
Адным з цэнтральных момантаў асамблеі стануць выбары новага кіраўніцтва Рады, якія адбудуцца ў чацвер, 29 кастрычніка. Галасаванне пройдзе за закрытымі дзвярыма. Больш дэтальная праграма пасяджэння будзе апублікавана пазней.
Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы была заснавана ў 1971 годзе. У яе ўваходзяць 33 еўрапейскія епіскапаты, а таксама арцыбіскупы Люксембурга і Княства Манака, мараніцкі арцыбіскуп Кіпра, біскупы Кішынёва (Малдова), Мукачаўскай епархіі (Украіна) і Талінскай дыяцэзіі (Эстонія).
Прэзідыум CCEE складаецца са старшыні і двух віцэ-старшыняў, якія абіраюцца на пяцігадовы тэрмін з магчымасцю працягу. З 2021 года Раду ўзначальвае арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас. Пасады віцэ-старшыняў займаюць арцыбіскуп Люксембурга кардынал Жан-Клод Олерыш і арцыбіскуп Белграда кардынал Ладзіслаў Нэмет. З 2024 года сакратарыят арганізацыі знаходзіцца ў Рыме.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!