Рабіны і даследчыкі даслалі Святому Айцу ліст падзякі

Ілюстрацыйнае фота

Група рабінаў і даследчыкаў, якія ўдзельнічаюць у каталіцка-юдэйскім дыялогу, выказалі Папу Францішку ўдзячнасць за тое, што ён сее сяброўства пасярод варожасці.

«Намаганні Касцёла па развіцці ўзаемаразумення там, дзе калісьці было суперніцтва, сяброўства там, дзе калісьці была варожасць, а таксама спачування там, дзе калісьці была пагарда, змянілі нашы супольнасці і пакінулі глыбокі адбітак у гісторыі. У лісце Вашай Святасці мы знайшлі пацверджанне гэтай прыхільнасці, якая набывае яшчэ большае значэнне ў наш час, калі нестабільнасць пагражае нават тым адносінам, якія будаваліся на працягу многіх дзесяцігоддзяў», — гаворыцца ў пасланні, накіраваным Папу Францішку некаторымі рабінамі і ўдзельнікамі каталіцка-юдэйскага дыялогу.

Ліст падпісалі рабіны і даследчыкі: Іегошуа Арэнс (Франкфурт/Берн), Іцхак Грынберг (Іерусалім/Нью-Ёрк), Давід Мэер (Парыж/Рым), Карма Бэн Ёханан (Іерусалім) і Малка Зэйгер Сімкавіч (Чыкага). У лістападзе 2023 года яны ўжо звярталіся да Францішка з пасланнем, у якім заклікалі да збліжэння паміж яўрэямі і хрысціянамі пасля масавых забойстваў 7 кастрычніка і ўсплёску антысемітызму і антыюдаізму па ўсім свеце.

2 лютага 2024 года Папа скіраваў сваім «яўрэйскім братам і сёстрам у Ізраілі» ліст, у якім запэўніў у салідарнасці Касцёла з яўрэйскім народам і ў той жа час заклікаў да хуткага прымірэння паміж усімі прадстаўнікамі ўсіх этнічных груп і рэлігійных канфесій, якія жывуць у Святой Зямлі.

У новым лісце рабінаў ад 15 лютага 2024 года гаворыцца: «Мы знаходзім суцяшэнне ў тым, што Вы працягваеце руку дапамогі яўрэям ва ўсім свеце, і асабліва ў Ізраілі, у гэты час вялікіх пакут”, а таксама “у Вашай прыхільнасці актыўнаму супраціву антысемітызму і антыюдаізму, якія ў апошні час набылі маштабы, невядомыя большасці з нас пры нашым жыцці”.

«Мы жывем у гістарычны момант, які патрабуе настойлівасці, надзеі і мужнасці. Пераўтваральная сіла дэкларацыі Nostra Aetate натхняе нас, дэманструючы, што братэрства можа быць адноўлена нават у самых складаных канфліктах. Мы далучаемся да нашых каталіцкіх братоў і сясцёр у іх перакананні ў тым, што рэлігіі могуць быць творчымі сіламі, надзеленымі здольнасцю адкрываць шляхі, якія ў адваротным выпадку засталіся б зачыненымі», — гаворыцца ў лісце рабінаў да Папы.

«Боль жыхароў гэтай зямлі, яўрэяў, хрысціян, мусульман і іншых, прычыняе боль усім нам і ўплывае на наша жыццё і нашу будучыню”, — напісалі аўтары паслання, далучаючыся да Папы ў малітве аб міры, аб спыненні тэрору, аб вылячэнні параненых і суцяшэнні ўсіх, хто жыве ў смутку.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку