Просты гадзіннік Папы Францішка быў прададзены на аўкцыёне за рэкордную суму

Рынкавы кошт гэтай мадэлі перавышаны… больш чым у тысячу разоў! І гэта не першае дабрачыннае ахвяраванне Папы Францішка.

Фонд Браяна ЛаВіялета — гэта арганізацыя, створаная ў гонар падлетка-калекцыянера гадзіннікаў у ЗША, які трагічна загінуў у 1992 годзе. Мэтай дзейнасці фонду быў збор сродкаў для таленавітай моладзі з бедных сем’яў, што дае магчымасць стыпендыятам фонду вучыцца  ва ўниверсітэтах. Папа Францішак вырашыў далучыцца да працы, якую вядзе гэты дабрачынны фонд.

Да Папы прадстаўнікі фонду дабраліся дзякуючы падтрымцы ардынарыя дыяцэзіі Грын-Бэй біскупа Дэвіда Рыкена. Для аднаго з аўкцыёнаў, арганізаваных гэтай арганізацыяй, Святы Айцец ахвяраваў свой гадзіннік Swatch. Пасля завяршэння інтэрнэт-аўкцыёну ў канцы лістапада папскі гадзіннік быў прададзены за 56 250 долараў. Рынкавая цана гэтага гадзінніка складае каля 55 долараў, так што просты падлік паказвае, што цана вырасла больш чым у тысячу разоў. Гэты вынік неўзабаве будзе занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Самы дарагі гадзіннік, прададзены дагэтуль, каштаваў 45 тысяч долараў.

Тут таксама варта адзначыць, што гэта не першы падарунак для дабрачынных аўкцыёнаў ад цяперашняга Папы. Тры гады таму ён прадаў на аналагічным аўкцыёне матацыкл Harley-Davidson (з аўтографам!), які яму падарылі фанаты Harley. Гэта быў другі выпадак з матацыклам: першы Harley, прададзены Ватыканам, каштаваў 241 500 еўра, а выручка была накіравана ў прытулак для бяздомных Caritas на рымскім вакзале Тэрміні. У 2017 годзе спартыўны аўтамабіль Lamborghini Huracan быў прададзены на аўкцыёне за 715 000 еўра, а атрыманыя сродкі былі размеркаваны паміж папскімі дабрачыннымі арганізацыямі.

Варта адзначыць, што прадметы, якімі карысталіся Пантыфікі, з’яўляюцца каштоўнымі трафеямі ў вітрынах калекцыянераў. Таму на аўкцыёнах яны дасягаюць кошту, значна вышэйшага за рынкавы.

Па матэрыялах pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку