Прэзідэнт Палесціны абвясціў аб рэстаўрацыі Грота Нараджэння

Прэзідэнт Палесціны Махмуд Аббас абвясціў аб рэстаўрацыі Грота Нараджэння Хрыстова ў Віфлееме — месцы нараджэння Езуса Хрыста. Размешчаны пад праваслаўнай Базілікай Нараджэння Хрыстова, Грот не зведаў сур’ёзных рэстаўрацыйных работ больш за шэсць стагоддзяў.

Праца, даручаная мясцовым рамеснікам і рабочым, стане каштоўнай падтрымкай для сем’яў у Віфлееме, якія сур’ёзна пацярпелі ад крызісу рэлігійнага турызму, выкліканага напружанай сітуацыяй у Святой Зямлі.

Рэстаўрацыя будзе праводзіцца ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам. Гэта аднавіць рэстаўрацыю Базілікі Нараджэння Хрыстова, якая пачалася ў 2013 годзе і ўключала мазаікі, фрэскі, вітражы і канструкцыю даху. Рэстаўрацыя закране сцены і падлогу грота, а таксама будуць стабілізаваны яго ўнутраныя канструкцыі.

Па словах Аббаса, пачатак работ на месцы нараджэння Езуса Хрыста стане «знакам надзеі і адраджэння для Святой Зямлі».

Палестынскі лідар таксама абвясціў аб сваім удзеле ў сёлетняй Пастэрцы ў Віфлееме пасля двухгадовага перапынку, звязанага з палітычнай сітуацыяй.

Раней Махмуд Аббас, які з’яўляецца мусульманінам, тройчы прысутнічаў на калядных Літургіях: з католікамі, праваслаўнымі хрысціянамі і армянамі, якія адзначаюць свята ў розныя даты.

ekai.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку