7 мая ў рамках падрыхтоўкі да юбілею аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі святой Кацярыне Лябурэ, у парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску адбылася перэгрынацыя цудоўнага медаліка.
Падчас сустрэчы сястра Ірына Грыгаровіч Fdlc з Шуміліна распавяла прысутным гісторыю аб’яўленняў Маці Божай св. Кацярыне Лябурэ і асноўны сэнс прыняцця медаліка. Асаблівую увагу сястра Ірына звярнула на блізкасць Маці Божай да кожнага верніка і заклікала слухачоў часцей давяраць Ёй свае клопаты.
Пасля прадстаўнікі Вінцэнтскай Марыйнай моладзі раздалі жадаючым медалікі.
Ольга Вішнякова – прадстаўніца руху Вінцэнтыянскай Марыйнай моладзі, якая дапамагае сёстрам шарыткам у распаўсюджванні медаліка, падзялілася сваім меркаваннем:
“Бог дае людзям бачныя знакі, каб узмацніць іх веру, а медалік – гэта адзін з такіх знакаў. Я лічу, што значна прасцей перажыць навяртанне, калі ёсць бачны вобраз. Гэта дае адчуванне блізкасці Езуса і Яго Маці ў жыцці.”
Прысутныя маглі ўзяць невялікія буклеты «Дар Марыі» і кнігу “Жыццё Катрын Лябурэ”, каб больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй і сутнасцю аб’яўленняў Маці Божай.
Перэгрынацыя цудоўнага медаліка адбылася ўжо ў 23 парафіях. Парафія святога Уладзіслава – другая ў Віцебску, якая прыняла перыгрынацыю.
Наступнай, хто возьме ўдзел у ініцыятыве, будзе парафія святога Антонія ў Віцебску, якая прыме перэгрынацыю 4 чэрвеня.
Лаліта Арлоўская
