Папская элемазінарыя арганізуе адпачынак для бяздомных

Апостальскі элемазінарый распавёў Vatican News пра арганізацыю летняга адпачынку для рымскіх бяздомных і бедных. Дабрыня ў адносінах да іншых лечыць і вяртаецца да нас вельмі хутка, — адзначыў ён.

Кардынал Конрад Краеўскі заўважыў, што шмат бяздомных летам выехалі з Рыма і цяпер працуюць на няпоўны працоўны дзень на моры ці ў гарах, дапамагаючы турыстам. Некаторыя з іх па псіхалагічных прычынах не пакідаюць сталіцы, бо тут адчуваюць сябе ўпэўнена.

Кіраўнік папскай дабрачыннай структуры лічыць самым дарагім, што можна прапанаваць тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, – свой час, слуханне і магчымасць быць з імі. Ён дадаў, што дабрыня – гэта незвычайная якасць, якая лечыць іншых і вяртаецца да нас вельмі хутка.

“Мы амаль кожны вечар ездзім з бяздомнымі на мора. (…) Праводзім там каля дзвюх гадзін, а потым разам едзем на піцу, калі мы на моры, або на знакамітую паркэту з Арычы. (…) У нас на пляжы ёсць ручнікі, шорты і ўсё неабходнае, нават кепкі. (…) Гаспадары рэстаранаў ставяцца да нас добра. Яны ведаюць, што гэта павінна быць спецыяльнае меню, таму што госці асаблівыя, але і таму, што аплачвае гэтыя абеды Святы Айцец, таму іх можна лічыць па-сапраўднаму папскімі», — распавёў кардынал Краеўскі.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку