Папа Леў XIV: першы месяц пантыфікату вачыма манахіні-бенедыктынкі

Сястра-бенедыктынка Ігнацыя Анджэліні

Ігнацыя Анджэліні, бенедыктынка і тэолаг, характарызуе першы месяц кіравання Папы як «абяцальны пачатак», адзначаючы яго ўраўнаважаны стыль і духоўную пераемнасць.

Споўніўся месяц з моманту пачатку пантыфікату Папы Льва XIV, і гэта адзначыла сваімі разважаннямі маці Ігнацыя Анджэліні, бенедыктынка і тэолаг, якая нядаўна выступала з медытацыямі падчас Сінода Біскупаў па сінадальнасці.

Ураўнаважаны ў жэстах і асцярожны ў словах

«Мяне ўразіў стыль Папы: ён вельмі ўраўнаважаны ў жэстах і асцярожна ўзважвае словы. Я бачу глыбокую пераемнасць у асноўных мэтах: адзінства, мір, клопат пра чалавека», — адзначае італьянская манахіня ў сваім каментары.

У выбары імя Леў бенедыктынка бачыць адсылку да сілы і магутнасці, а таксама рашучасці і вернасці, у суаднясенні з біблейскім «львом з пакалення Юды, вобразам, багатым на значэнне».

У цэнтры цяперашняга пантыфікату знаходзіцца таксама галоўная для манастырскай традыцыі тэма супольнасці, а таксама сацыяльнай адказнасці.

Аўтарытэт як служэнне адзінству

Адначасова, на думку маці Ігнацыі, Леў XIV увасабляе аўтарытэт, разуметы як служэнне адзінству, у пераемнасці з вышэйзгаданым Сінодам.

«Гэта не ўладная настаўніцкая пазіцыя, а хутчэй уменне спадарожнічаць і клапаціцца», — падкрэслівае тэолаг, характарызуючы стыль новага Пантыфіка.

Бенедыктынка прыгадвае выслоўе святога Аўгустына, якое часта паўтарае Папа: «З вамі я хрысціянін, для вас – біскуп». Гэтыя словы, разам з самастрыманасцю і клопатам пра адносіны, вызначаюць «абяцальны пачатак, складзены з канкрэтных знакаў і глыбокай адданасці служэнню», — адзначае маці Ігнацыя Анджэліні.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку