Святы Айцец нагадаў пра прароцкую місію кансэкраваных асоб, пакліканых несці надзею ў свет, пазначаны страхам, гвалтам і пагардай да чалавечай годнасці.
2 лютага 2026 года Папа Леў XIV узначаліў цэлебрацыю святой Імшы з нагоды свята Ахвяравання Пана і XXX Сусветнага дня кансэкраванага жыцця, устаноўленага ў 1997 годзе Янам Паўлам ІІ. Урачыстая літургія прайшла ў Базіліцы Святога Пятра з удзелам прадстаўнікоў манаскіх супольнасцей і іншых аб’яднанняў кансэкраванага і апостальскага жыцця. Яна пачалася традыцыйнай працэсіяй са свечкамі.
Быць закваскай міру і знакам надзеі
У гаміліі Пантыфік падзякаваў кансэкраваным асобам за іх сведчанне і заклікаў іх быць “закваскай міру і знакам надзеі там, куды іх паслаў Божы Провід”. Ён заўважыў, што наследуючы Хрыста і прымаючы ўдзел у Яго “самаадрачэнні”, законнікі і законніцы змогуць “са свабодай тых, хто любіць і прабачае без меры, паказаць свету шлях, які дазваляе пераадольваць канфлікты і сеяць зерні братэрства”.
Прарокі і пасланні, якія рыхтуюць шлях Езусу
Пантыфік адзначыў, што Касцёл просіць кансэкраваных асоб быць прарокамі: пасланнікамі, якія абвяшчаюць прысутнасць Пана і рыхтуюць Яму шлях, каб Хрыстус, прысутны і сёння сярод людзей, мог ператвараць і ачышчаць сэрцы сваёй любоўю, ласкай і міласэрнасцю.
Наследаваць прыклад заснавальнікаў
Святы Айцец заклікаў законнікаў і законніц наследаваць прыклад сваіх заснавальнікаў, якія чэрпалі сілы ў Эўхарыстыі, малітве і адарацыі. Папа нагадаў, што, ўмацаваныя Божай ласкай, яны адважваліся на рызыкоўныя місіі: былі малітоўнай прысутнасцю ў варожых і раўнадушных асяроддзях, знакамі салідарнасці сярод заняпаду і пакінутасці, сведкамі міру і паяднання ў сітуацыях вайны і нянавісці, гатовыя прыняць наступствы сваёй вернасці Хрысту, часам нават мучаніцтва.
Сведчыць пра прысутнасць Бога ў бедных
Пантыфік заахвоціў кансэкраваных асоб “сведчыць у грамадстве, дзе вера і жыццё, здаецца, усё больш аддаляюцца адно ад аднаго ў імя фальшывага і абмежаванага разумення чалавечай асобы, што Бог прысутнічае ў гісторыі як збаўленне для ўсіх народаў”.
“Сведчыць, што малады, стары, бедны, хворы, вязень перадусім маюць сваё святое месца на Яго Алтары і ў Яго Сэрцы, і што адначасова кожны з іх з’яўляецца недатыкальным санктуарыем Божай прысутнасці, перад якім трэба схіліць калені, каб сустрэць Яго, пакланіцца Яму і праславіць Яго”, – дадаў Папа Леў XIV.
Супольнасці ў зонах канфліктаў
Святы Айцец заўважыў, што такое сведчанне даюць шматлікія манаскія супольнасці, прысутныя ў зонах канфліктаў: яны не ўцякаюць, а застаюцца там, пазбаўленыя ўсяго, нагадваючы пра недатыкальную святасць жыцця і будучы там, дзе грукае зброя і пераважаюць самаўпраўства, пошук выгады і гвалт, рэхам слоў Езуса: “Глядзіце, не пагарджайце ніводным з тых малых, бо анёлы іх у нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго” (Мц 18,10).
Клапаціцца пра зямныя справы з надзеяй на вечнасць
Пантыфік адзначыў, што кансэкраванае жыццё, з уласцівым яму адрачэннем ад усяго, што прамінае, вучыць клапаціцца пра зямную рэальнасць з любячай надзеяй на вечную рэальнасць, выбраную ўжо ў гэтым жыцці як канчатковую і адзіную мэту, здольную асвятліць усё астатняе.
Ікона кансэкраванага жыцця
Пантыфік заўважыў, што евангельская сцэна Ахвяравання Пана з’яўляецца “іконай місіі законнікаў і законніц у Касцёле і свеце”: як Хрыстус аддае сябе без прымусу, з ціхай, раззбройваючай бескарыслівасцю, так і кансэкраваныя асобы прыносяць у дар жыццё, будучы ўкаранёнымі ў малітве і гатовымі да поўнай самаахвярнасці ў любові.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!