Папа Францішак заклікае спыніць гвалт у адносінах да жанчын

Святы Айцец у Twitter заклікаў да абароны жанчын. Ён спаслаўся на Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын, абвешчаны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый.

Розныя формы жорсткага абыходжання з жанчынамі – гэта баязлівасць і дэградацыя мужчын і ўсяго чалавецтва. Мы не можам глядзець на гэта збоку. Жанчыны, якія сталі ахвярамі гвалту, павінны быць абаронены грамадствам”, — так гучыць допіс Папы ў сацыяльнай сетцы.

Паводле інфармацыі ААН, падчас цяперашняй пандэміі колькасць выпадкаў фізічнага, сексуальнага і псіхалагічнага гвалту, асабліва бытавога характару, у адносінах да жанчын і дзяўчат працягвае расці. Гэта адна з найбольш шырока распаўсюджаных і складаных для выкаранення праблем, звязаных з катастрафічнымі наступствамі парушэння правоў чалавека ў сучасным свеце. Арганізацыя называе феномен “ценявой пандэміяй”.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку