Дзеяслоў “абараняць” указвае на клопат пра брата, на канкрэтнае братэрства, на ахову жыцця, — адзначыў Святы Айцец 23 мая 2022 года падчас сустрэчы з прадстаўнікамі італьянскай Грамадзянскай абароны.
Першым аспектам абароны, патрэбнай сёння чалавецтву, Папа Францішак лічыць пераадоленне грамадскай ізаляцыі. “Мы павінны зразумець і заўважыць, што наша жыццё залежыць ад жыцця іншых, і што дабро “заразнае”. Ператвараючыся ў бліжніх для нашых братоў, мы становімся лепшымі, больш адкрытымі і салідарнымі. І ў той жа час наша грамадства становіцца крыху больш прыдатным для жыцця. Калі такія адносіны растуць і ператвараюцца ў стыль падтрымкі грамадства, фарміруецца сапраўдная “грамадзянская абарона”, — лічыць Пантыфік.
Абарона ад экалагічных катастроф – гэта другі аспект, на які звярнуў увагу Святы Айцец. Ён адзначыў, што сёння “зямля крычыць” ад неахайных адносін да яе. “Ахова – гэта знак клопату пра тэрыторыю, на якой вы жывяце. (…) Мы пакліканы абараняць свет, а не рабаваць яго”, — звярнуў увагу Папа.
Прафілактыка, лічыць Папа Францішак, гэта яшчэ адзін важны для разумення паняцця “абарона” аспект. “Прафілактыка можа быць дасягнута шляхам прыцягнення розных суб’ектаў, адказных за кіраванне тэрыторыяй. (…) У пазітыўным сэнсе важна выхоўваць прыгажосць, захоўваць гісторыю жыцця і традыцыю, культуру і грамадскі досвед. Робячы гэта, вы становіцеся майстрамі надзеі; надзея адважная, яна здольная глядзець далей, па-за асабістую выгоду, па-за малую ўпэўненасць і прыемнасці, якія звужаюць гарызонты, каб адкрыцца на вялікія ідэалы, якія робяць жыццё прыгажэйшым і больш годным”, — адзначыў ён.
Абарона, звярнуў увагу Святы Айцец, у хрысціяніна атаясамліваецца з Богам, Які клапоціцца пра чалавека і не дазваляе яму адчуваць недахоп у сваёй любові. “Калі мы разумеем, што Ён абараняе нас, мы вучымся шчодрай абароне ў адносінах да нашых братоў і сясцёр”, — правёў паралель Папа Францішак.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
