Папа пакінуў клініку Джэмэлі ў 8.45 раніцы 16 чэрвеня 2023 года ў інвалідным вазку ў суправаджэнні доктара Сержа Альфіеры, свайго хірурга.
З бальніцы Папа Францішак накіраваўся адразу ў базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб памаліцца і падзякаваць Маці Божай. Гэта быў яго 108-ы візіт у гэты марыйны храм.
Усмешлівы Святы Айцец даў кароткія адказы на некалькі пытанняў. У сувязі з нядаўнім караблекрушэннем у Эгейскім моры, якое было прадметам аднаго з першых пытанняў, ён падкрэсліў сваё шкадаванне і смутак.
Журналісты спыталіся ў хірурга Альфіеры пра дынаміку выздараўлення Пантыфіка, на што той з доляй іроніі адказаў: “Але ён не выздараўлівае, ён ужо пачаў працаваць!”. Прафесар пацвердзіў, што аперацыя не перашкодзіць Папу здзейсніць паездкі, у Лісабон на Сусветныя дні моладзі, а таксама ў Манголію ў канцы жніўня. “Наадварот, — падкрэсліў спецыяліст, — ён зможа справіцца з імі лепш, чым раней, таму што цяпер у яго больш не будзе дыскамфорту ад ранейшых праблем. Ён стане мацнейшым”. “Паўтараю, Папа ў парадку, ён адчувае сябе лепш, чым раней”, — завяршыў сваю кароткую размову з прэсай хірург, які аперыраваў Святога Айца.
Нагадаем, Пантыфік быў шпіталізаваны пасля агульнай аўдыенцыі, якую правёў 7 чэрвеня 2023 года на ватыканскай плошчы святога Пятра. Урачы прынялі рашэнне аб неабходнасці хірургічнага ўмяшання ў сувязі з наяўнасцю ў яго ўшчэмленай пасляаперацыйнай грыжы з балявымі сімптомамі. Папе Францішку была праведзена лапаратамія і пластыка брушной сценкі пратэзамі. У 2022 годзе Святы Айцец перанёс аперацыю на кішэчніку.
Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!