Увечары 12 снежня 2022 года Папа прыняў удзел у традыцыйнай Імшы з нагоды свята Маці Божай Гвадэлупскай, апякункі Лацінскай Амерыкі, і звярнуўся да вернікаў з гаміліяй.
Пантыфік адзначыў, што ва ўсе часы Бог кіруе ходам гісторыі чалавецтва, “нішто не застаецца па-за яго ўладай, якая з’яўляецца пяшчотай і правідэнцыяльнай любоўю. Ён выяўляецца нам праз жэст, падзею, чалавека. Ён заўсёды паглядае на наш свет, які жыве ў нястачы, паранены, трывожны, каб дапамагчы яму сваім спачуваннем і міласэрнасцю. Яго спосаб збаўчага ўмяшальніцтва заўсёды здзіўляе нас і напаўняе радасцю”. Пасланне да Галатаў дае дакладнае ўказанне на Яго задуму зрабіць нас сваімі прыёмнымі дзецьмі: “Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны” (Гал 4, 4).
Па словах Папы, “прышэсце Сына ў плоці чалавечай з’яўляецца вышэйшым выразам Боскага метаду выратавання”. Бог, які так палюбіў свет, паслаў да нас свайго Сына, “народжанага ад жанчыны”, “каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Такім чынам, у Езусе, народжаным ад Марыі, Пан уваходзіць у наш ненадзейны час, ідзе побач з намі як брат і спадарожнік. Ён прыйшоў, каб застацца. Ён падобны на “аднаго з нас”, блізкага чалавека, сябра, роўнага нам ва ўсім, акрамя граху.
Нешта падобнае, — адзначыў Папа, — адбылося амаль пяць стагоддзяў таму, у складаны і цяжкі для жыхароў Новага Свету час. Пан захацеў ператварыць узрушэнне, якое выклікала сустрэча двух розных светаў, у новы сэнс і годнасць. Ён зрабіў гэта, адправіўшы Марыю, сваю Маці, такім жа чынам, як нагадвае нам Евангелле: “Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну” (Лк 1, 39). Маці Божая Гвадэлупская прыйшла на благаслаўлёныя землі Амерыкі, каб суцяшаць і задавальняць патрэбы самых малых, не выключаючы нікога, каб агарнуць іх, як клапатлівая маці, сваёй прысутнасцю, любоўю і суцяшэннем.
“Сёлета — нагадаў Пантыфік, — святкаванне Маці Божай Гвадэлупскай адбываецца ў цяжкі для чалавецтва час. Гэта горкі час, напоўнены грукатам вайны, несправядлівасцю, голадам, беднасцю, пакутамі.” І хоць гэты гарызонт здаецца змрочным і ашаламляльным, тым не менш Боская вера, любоў і спагадлівасць вучаць нас, што гэты час “спрыяльны для выратавання, калі Пан праз Дзеву Марыю працягвае дарыць нам Свайго Сына, які заклікае нас быць братамі, адкінуць эгаізм, абыякавасць і антаганізм, запрашаючы нас паспяшацца і ўзяць на сябе адказнасць адзін за аднаго, ісці насустрач братам і сёстрам, забытым і адрынутым нашымі спажывецкімі і апатычнымі грамадствамі”.
“Сёння, як і ўчора, Маці Божая Гвадэлупская хоча сустрэцца з намі, як аднойчы яна сустрэлася з Хуанам Дыега на ўзгорку Тэпэяк. Яна хоча застацца з намі. Яна моліць нас дазволіць ёй стаць нашай Маці, адкрыць наша жыццё свайму Сыну Езусу і прывітаць Яго пасланне, каб навучыцца любіць, як Ён”, — сказаў Святы Айцец. Яна прыйшла, каб суправаджаць амерыканскі народ на нялёгкім шляху беднасці, эксплуатацыі, сацыяльна-эканамічнага і культурнага каланіялізму. Яна сярод тых, хто ў пошуках свабоды ідуць на поўнач. Яна з лацінаамерыканскім народам, якому пагражае “дзікае і эксплуататарскае паганства”, з народам, “параненым актыўнай пропаведдзю практычнага і прагматычнага атэізму”. Яна там. «Я твая Маці», — кажа яна. Маці любові, дзеля якой жывуць.
Пантыфік адзначыў, што 12 снежня 2022 года на амерыканскім кантыненце распачаўся міжкантынентальны шлях падрыхтоўкі да святкавання 500-годдзя Маці Божай Гвадэлупскай у 2031 годзе.
Марыя Валодзіна – беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!