Папа Францішак аднаўляецца пасля хірургічнай аперацыі

Святы Айцец правёў яшчэ адну спакойную ноч у клініцы імя Агасціна Джэмэлі. Стан яго здароўя паляпшаецца, ён чытае газеты і пачынае працаваць, — паведаміла 9 чэрвеня 2023 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

“Папа Францішак добра адпачыў на працягу ночы. Медыкі паведамляюць, што клінічная карціна пастаянна паляпшаецца, а пасляаперацыйнае аднаўленне ідзе належным чынам”, — гаворыцца ў паведамленні кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні, распаўсюджаным 9 чэрвеня 2023 года.

Пасля сняданку Святы Айцец пачаў рухацца, правёўшы большую частку раніцы ў фатэлі. Гэта дало яму магчымасць праглядзець газеты і пачаць працаваць, — паінфармаваў Матэа Бруні.

Нагадаем, што 7 чэрвеня Папу Францішку была зроблена лапаратамія і пластыка брушной сценкі пратэзамі ў клініцы імя Агасціна Джэмэлі. Пасля хірургічнага ўмяшальніцтва Святы Айцец атрымаў шматлікія пажаданні хутчэйшага выздараўлення, за якія ён падзякаваў, просячы працягваць маліцца аб ім.

Па матэрыялах беларускай рэдакцыі Vatican News

для друку для друку