У новай кнізе «Іерусалім. Мая сустрэча са Святой Зямлёй» вядомы пісьменнік Эрык-Эмануэль Шміт апісвае сваё духоўнае падарожжа па месцах, святых для юдаізму, хрысціянства і ісламу. Пасляслоўе напісаў сам Папа.
Кніга вядомага французскага пісьменніка Эрык-Эмануэля Шміта, аўтара рамана «Спадар Ібрагім і кветкі Карана», выходзіць у свет 12 сакавіка 2025 года. Як паведамляе “Kathpress”, гэта 200-старонкавае выданне, у якім Шміт распавядае пра сваю паездку да вытокаў сусветных рэлігій. Пісьменнік, які прыйшоў да хрысціянскай веры ўжо ў дарослым узросце, атрымаў запрашэнне на гэтае падарожжа ад Святога Пасада, а пасляслоўе да кнігі, якая выходзіць у Святы 2025 год, напісаў Папа Францішак.
Некаторыя шукаюць свае карані ў зямлі. Я знайшоў іх на небе
«Іерусалім» уяўляе сабой спалучэнне класічнага падарожнага нарыса і духоўных уражанняў. «У прынцыпе, існуюць два спосабы асэнсаваць падарожжа ў Ізраіль і Палесціну, два спосабы, якія ў роўнай ступені законныя, — піша ў заключэнні сваёй кнігі 64-гадовы аўтар эльзаскага паходжання. — Некаторыя шукаюць свае карані ў зямлі. Я знайшоў іх на небе». Шміт распавядае, што ў Бэтлееме, Назарэце і Кесарыі ён перажыў уражлівае адчуванне, як біблейскія аповеды ажываюць, а ў Іерусаліме фізічна адчуў блізкасць Езуса Хрыста.
«Дарагі Эрык-Эмануэль, дарагі брат», — так пачынае Папа Францішак сваё пасляслоўе, якое датуецца лютым 2023 года, за шэсць месяцаў да нападу Хамас на Ізраіль. Святы Айцец адзначае, што Святая Зямля дапамагае людзям зразумець, «што хрысціянства – гэта не тэорыя ці ідэалогія, а досвед гістарычнай падзеі». «Бог стаў чалавекам у асобе Езуса з Назарэта, каб абвясціць нам, што Яго Валадарства блізка. Вы выразна сказалі гэта на прыкладзе Крыжовага шляху: ‘Чалавечнасць майго Бога – не падман'», — цытуе Пантыфік пісьменніка.
Толькі ўсведамляючы сябе дзецьмі аднаго Бога, мы можам пабудаваць магчымую будучыню
Паводле слоў Папы, Іерусалім з яго вялікімі рэлігійнымі традыцыямі юдэяў, хрысціян і мусульман заклікае да «чалавечага братэрства». Вернікі пакліканы «быць братамі і будаўнікамі мастоў, а не ворагамі і падбухторшчыкамі войнаў», піша ён. «Наша пакліканне – братэрства, бо мы дзеці аднаго і таго ж Бога, — працягвае Папа. — Толькі калі мы ўсведамляем гэта, мы можам пабудаваць магчымую будучыню, прымусіўшы замаўчаць зброю знішчэння і нянавісці і распаўсюджваючы па ўсім свеце салодкі водар міру, які Бог няспынна дорыць нам».
Кніга Эрык-Эмануэля Шміта «Іерусалім. Мая сустрэча са Святой Зямлёй» (Jerusalem. Meine Begegnung mit dem Heiligen Land), якая выйшла ў выдавецтве C.Bertelsmann у Мюнхене, мае 224 старонкі і каштуе 22,70 еўра. Пераклад з французкай мовы выканаў Міхаэль фон Кіліш-Хорн.
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
