Папа прызначыў свайго новага дыпламатычнага прадстаўніка ў Святой Зямлі. Ім стаў 65-гадовы арцыбіскуп Джорджа Лінгва, дагэтуль Апостальскі нунцый у Харватыі.
22 студзеня 2026 года Папа Леў XIV прыняў просьбу арцыбіскупа Адольфа Ціта Ільяна аб адстаўцы з пасады Апостальскага нунцыя ў Ізраілі і Апостальскага дэлегата ў Іерусаліме і Палесціне ў сувязі з дасягненнем ім пенсійнага ўзросту. 77-гадовы папскі дыпламат філіпінскага паходжання прадстаўляў Пантыфіка ў Святой Зямлі з 2021 года.
Новапрызначаны нунцый паходзіць з поўначы Італіі. Арцыбіскуп Джорджа Лінгва нарадзіўся ў 1960 годзе ў Фасана. Ён з’яўляецца выпускніком Папскай касцельнай акадэміі і доктарам кананічнага права. На дыпламатычнай службе Святога Пасада знаходзіцца з 1992 года.
На працягу сваёй дыпламатычнай кар’еры арцыбіскуп Лінгва нёс служэнне ў папскіх прадстаўніцтвах у Кот-д’Івуары, ЗША, Італіі, Сербіі, а таксама ў Секцыі па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржсакратарыята.
У 2010 годзе Папа Бэнэдыкт XVI прызначаў яго нунцыем у Іраку і Іарданіі і надаў яму тытул арцыбіскупа. У 2015 годзе Папа Францішак прызначыў дыпламата нунцыем на Кубе, а ў 2019 годзе – у Харватыі.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!