Ужо былі белы матацыкл і электрамабіль. Цяпер Папа Леў XIV атрымаў у падарунак белага каня. Пратон, чыстакроўны арабскі конь, стаў асаблівым сюрпрызам для Святога Айца ад Анджэя Міхальскага, уладальніка і заснавальніка коннага завода ў Калабжэгу-Будзіставе (Польшча).
Ідэя нарадзілася з фота з Перу
«Калі я ўбачыў гэтыя фота будучага Папы на кані ў Перу, нарадзілася ідэя, што я хачу падарыць яму прыгожага арабскага каня, такога, які быў бы годным, бо белы колер асацыюецца з белай папскай сутанай», — сказаў Vatican News Анджэй Міхальскі, прэзідэнт коннага завода Міхальскі ў Калабжэгу-Будзіставе. Ён падкрэсліў, што хоча выказаць падзяку і адказаць на папскі заклік умацаваць любоў праз канкрэтныя жэсты.
Пратон — чыстакроўны арабскі конь. Яго бацька родам з ЗША, а маці была набыта ў прынцэсы з Іарданіі. Іх нашчадак нарадзіўся ў Янаве Падляскім, і Міхальскі купіў яго жарабяткам і выгадаваў на сваёй коннай ферме. «Конь прыгожа рухаецца, ён вельмі прыгожы», — заўважыў заводчык.
Радасць на сустрэчы
Падарунак быў уручаны перад агульнай аўдыенцыяй у сераду. «Папа быў вельмі рады, мы разам выгулялі каня. Ён быў вельмі задаволены, і мы былі вельмі шчаслівыя», — паведаміў Міхальскі. Падчас сустрэчы таксама быў зачытаны ліст, у якім уладальнік растлумачыў дзейнасць свайго цэнтра і папрасіў благаслаўлення з нагоды 30-годдзя коннай фермы ў наступным годзе.
Жэст, натхнёны словамі Папы
У сваім лісце да Святога Айца Анджэй Міхальскі спасылаўся на апошнюю адгартацыю Dilexi te, цытуючы словы Папы: «Любоў і нашыя найглыбейшыя перакананні павінны ўмацоўвацца, і гэта дасягаецца праз жэсты. Заставацца ў свеце ідэй і дыскусій, без асабістых, частых і шчырых жэстаў, будзе разбурэннем нашых самых каштоўных мараў».
Ахвярадаўца напісаў: «Выконваючы гэты заклік, я хацеў бы папрасіць, каб мой жэст спрыяў рэалізацыі задач, якія Ваша Святасць бярэ на сябе для сучаснага свету і для Касцёла, у адпаведнасці з Вашай харызмай і адказнасцю».
Коні, іпатэрапія і дапамога тым, хто мае патрэбу
Конны завод Міхальскага — гэта не толькі месца для развядзення, трэніровак верхавой язды і спаборніцтваў, але і цэнтр іпатэрапіі. «Калі я працавала з людзьмі з інваліднасцю, у Цэнтры верхавой язды імя Анджэя Міхальскага прапаноўвалася іпатэрапія. Гэтая іпатэрапія асабліва карысная для ўсіх дзяцей з парушэннямі рухальных здольнасцей», — сказала Ганна Мечкоўска, мэр Калабжэга, якая таксама наведала Ватыкан.
«У нашым цэнтры праводзяцца найбуйнейшыя спаборніцтвы па конным спорце — іпатэрапія для людзей з інваліднасцю, і мы праводзім гэтыя заняткі два-тры разы на тыдзень. У наступным месяцы мы рыхтуемся правесці міні-чэмпіянат Польшчы па конным спорце сярод дзяцей з інваліднасцю на драўляных конях», — дадаў Анджэй Міхальскі.
Польская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!






