З 22 па 25 верасня ў польскім горадзе Ліхень адбываўся IV Кангрэс маладых кансэкраваных пад дывізам “Паўстань і свяці”. На гэтым кангрэсе ўдзельнічалі таксама кансэкраваныя асобы з Беларусі.
Падчас Кангрэсу мы мелі магчымасць маліцца разам прыгожым спевам Літургіі Гадзінаў. Кожны дзень мы сустракаліся на канферэнцыях, якія былі вельмі жыццёвымі, дапамагалі нам нанова адкрыць скарб уласнай кансэкрацыі, пагдядзець іначай на крызісы нашага манаскага жыцця і на нашыя супольнасці. Тэмы канферэнцый закраналі і нашую тоеснасць, і тое, чаму мы хочам застацца, і этапы манаскага сталення.
Каштоўным досведам сталі сустрэчы ў групах, дзе кансэкраваныя асобы з рознымі харызмамі, з розным светапоглядам і рознакаляровымі хабітамі дзяліліся сваім вопытам праходжання праз крызісы, сваім вобразам Бога і сваім перажываннем розных формаў малітвы. Неверагодным было тое, што кожны з нас у такіх розных манаскіх супольнасцях перажывае падобныя цяжкасці, мае падобныя памкненні, падобна прагне пазнаваць і любіць Бога. Гэты вопыт нас з’яднаў і дапамог нанова адкрыць любоў да свайго манаскага інстытута.
Вельмі кранальным быў вечар сведчанняў, дзе мы змаглі пачуць адказы на пытанні асобаў з розных формаў кансэкраванага жыцця. Сваім жыццём і цудамі Бога ў ім дзяліліся з намі с. Уладыслава Красічынска CSSJ з апостальскай кангрэгацыі, с. Мар’я Лепруст OVM з кляўзуровай кангэгацыі, а таксама Магдалена Мыяк, свецкая асоба кансэкраваная.
Вечар суботы быў напоўнены радасцю сумеснага прабывання. Мы таньчылі разам, гралі ў настолкі, размаўлялі і проста добра праводзілі час разам.
Падчас Кангрэсу адбывалася ўсяночная Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. У капліцы, дзе яна праходзіла, было выразна бачна, што маладыя кансэкраваныя прагнуць Бога і прагнуць быць у Яго прысутнасці. Капліца заўсёды была запоўнена.
Гэты прыгожы і карысны час завяршыла святая Імша, падчас якой адбыўся акт ахвяравання нашых манаскіх супольнасцяў Маці Божай.
Няхай будзе праслаўлены Бог у гэтым часе і няхай ён прынясе плён на нашай беларускай зямлі. Прыводжу ніжэй сведчанні беларусак з розных манаскіх кангрэгацый, з якімі разам перажывала гэты Кангрэс.
Марыя Мінютка USJK: «У сучасным свеце, які перапоўнены неспакоем і ў якім так часта нестае надзеі, кожны чалавек патрабуе ўзмацнення. Для мяне час Кангрэсу Маладых Кансэкраваных быў момантам дзялення верай. Гэтыя некалькі дзён абудзілі ў маім сэрцы ўдзячнасць за тое, што зерне Божага Слова не перастае прарастаць і прыносіць плён у жыцці хрысціянаў. Вялікая колькасць маладых і захопленых Богам людзей мела магчымасць проста цешыцца прысутнасцю сярод тых, хто знаходзіцца на падобным этапе свайго манаскага шляху. Я лічу, што такія досведы вельмі патрэбныя, каб вярнуўшыся ў месцы сваёй штодзённасці, служыць Богу і людзям з большым запалам і свядомасцю, што мы не адны. Ёсць шмат сэрцаў, якія шукаюць жывога Бога, а гэта значыць, што Ён жыве сярод нас…»
с. Настасся Мішкура MChR: «Вельмі цешуся і ўдзячна Пану Богу, што магла ўдзельнічаць ў Кангрэсе маладых асобаў кансэкраваных. Вярталася дадому з думкай, што даволі шмат нас, маладых кансэкраваных, нягледзячы на тое, што часам разносяцца пагалоскі аб памяншэнні пакліканняў альбо старэнні манаскіх супольнасцяў. Гэтая сустрэча паказала мне, што ў сучасным Касцёле вельмі моцна жыве малады дух; ёсць асобы, якія згаджаюцца радыкальна жыць для Езуса Хрыста і будаваць на зямлі Яго Валадарства.
Пасля кожнай сустрэчы застаешся чымсьці ўзбагачаны, не выключэннем стаў і Кангрэс у Ліхеню. На працягу чатырох дзён я зразумела, што павінна быць адкрытай на разнастайнасць у Касцёле, цешыцца і дзякаваць Богу за ўнікальнасць кожнай манаскай супольнасці. Таксама я мела магчымасць узбагаціцца спевам у хоры, які стварыўся падчас Кангрэсу. Гэтая справа стала доказам таго, што Дух Святы актыўна дзейнічае ў Касцёле.»
с. Стэфанія Гурына OP: «Кангрэс быў неверагодным дасведчаннем еднасці ў разнастайнасці. Розныя харызмы, розныя колеры хабітаў, розныя гісторыі — адзін дух, адно полымя, адна Любоў. Евангелле паводле Марка гаворыць, што Езус паклікаў Апосталаў, «каб яны былі з Ім»( Мк 3,14)… і як добра, што і нам хочацца звычайна быць разам! Спадзяюся, што, узмоцненыя Божай радасцю, пойдзем дзяліцца ёю з іншымі. Радасць амалоджвае!»
с. Мириам Чугункова MSF: «Благодарна Богу за то, что имела возможность поехать на Конгресс молодых монашествующих, который проходил в Лихеню в Польше. Это было прекрасное время, проведённое с Богом и другими монашествующим из разных монашеских общин. Для меня больше всего было ценным это свидетельство других монахинь и монахов. Слыша разные истории жизни и как Бог каждого из нас находит и ведёт, просто восхищаешься красотой, любовью и милосердием Бога. И хоть сам Конгресс уже закончился, но радость общения, улыбки, открытость сердец, новые знакомства, общая молитва, танцы и содержание конференций останутся в сердце. Пусть эта искорка радости, любви Божией, поможет нам «встать и сиять».»
с. Фаўстына Адамовіч MSF, тэкст
Фотаздымкі ўдзельнікаў Кангэса
