Новая імша аб абароне Божага стварэння з’явіцца ў Рымскім імшале

Новы фармуляр Імшы «pro custodia creationis» уключаны ў Рымскі імшал па загадзе Папы Льва XIV, які падкрэслівае неабходнасць літургічнага адказу на экалагічны крызіс і абавязак вернікаў клапаціцца аб Божым стварэнні.

Дыкастэрыя па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў 3 ліпеня 2025 года абнародавала дэкрэт аб уключэнні формулы Імшы «pro custodia creationis» (аб ахове стварэння) у Рымскі імшал. Дакумент датуецца 8 чэрвеня 2025 года.

Справа стварэння – каштоўны скарб, які трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне

«Таямніца стварэння – гэта пачатак гісторыі збаўлення, якая дасягае сваёй вяршыні ў Хрысце і ад Яго атрымлівае вырашальнае святло,» — адзначаецца ў дакуменце, падпісаным прэфектам Дыкастэрыі кардыналам Артурам Рошэ і сакратаром арцыбіскупам Віторыа Франчэска Віолам.

Святое Пісанне заахвочвае чалавека да сузірання таямніцы стварэння і ўдзячнасці Найсвяцейшай Тройцы за гэты знак Яе дабрыні. Стварэнне, «як каштоўны скарб, трэба любіць, аберагаць і адначасова развіваць, а таксама перадаваць з пакалення ў пакаленне».

Справа стварэння знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай

«У наш час відавочна, што справа стварэння знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай з прычыны безадказнага выкарыстання і злоўжывання дабротамі, якія Бог даверыў нашаму клопату,» — гаворыцца ў Дэкрэце.

Кардынал Рошэ падкрэслівае глыбокую сувязь паміж Эўхарыстыяй і клопатам аб навакольным асяроддзі, цытуючы энцыкліку «Laudato si'»: «У Эўхарыстыі свет, які выйшаў з рук Бога, вяртаецца да Яго ў радасным і поўным пакланенні… Таму Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай святла і матывацыі для нашых клопатаў аб навакольным асяроддзі».

Кожная малітва – крок да адказнага стаўлення да Божага стварэння

Новы фармуляр Імшы будзе ўключаны ў Рымскі імшал, трэцяе тыповае выданне (2008), сярод «Імшаў і малітваў у розных патрэбах». Яго ўжыванне рэгулюецца главой VII Агульнага ўступу да Рымскага імшала і ўласнымі рубрыкамі.

Фармуляр змяшчае ўваходны антыфон з 18-га псальма, калекту, малітву над дарамі, антыфону на камунію з 97-га псальма і малітву пасля камуніі. Таксама прадугледжаны чытанні са Старога (Мудр 13, 1-9) і Новага Запаветаў (Кал 1, 15-20), рэспансарыйныя псальмы і евангельскія чытанні (Мц 6, 24-34 або Мц 8, 23-27).

Літургія становіцца голасам усяго стварэння, якое славіць свайго Створцу

Папа Леў XIV не толькі зацвердзіў тэкст, але і загадаў распаўсюдзіць яго. Дыкастэрыя па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў абвясціла гэты тэкст тыповым, гэта значыць, афіцыйным для ўсяго Касцёла.

Уключэнне новых літургічных тэкстаў у Рымскі імшал падкрэслівае неабходнасць залучэння вернікаў у выкананне свайго паклікання быць адказнымі ахоўнікамі Божага стварэння.

Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку