23 верасня споўнілася 100 гадоў кардыналу Анджэла Ацэрбі, цяпер найстарэйшаму кардыналу ў свеце. Ён нарадзіўся ў 1925 годзе ў Італіі, і Папа Леў XIV з’яўляецца дзявятым Пантыфікам у яго жыцці.
Кардынал Ацэрбі быў уключаны ў калегію кардыналаў усяго год таму Папам Францішкам у знак прызнання яго дасягненняў і шматгадовага служэння Касцёлу.
Найстарэйшым кардыналам у гісторыі быў кардынал Каррада Бафіле, які памёр у 2005 годзе, дажыўшы да 101 года.
Хто такі кардынал Анджэла Ацэрбі?
Кардынал Анджэла Ацэрбі атрымаў святарскае пасвячэнне 27 сакавіка 1948 года, а з 1956 года служыў у дыпламатыі Ватыкана. Наступныя дваццаць гадоў ён працаваў у папскіх прадстаўніцтвах у Калумбіі, Бразіліі, Францыі, Японіі і Партугаліі, а таксама ў Савеце па сувязях з грамадскасцю Касцёла пры дзяржаўным сакратарыяце.
У 1974 годзе Папа Павел VI прызначыў яго Апостальскім пранунцыем у Новай Зеландыі і апостальскім дэлегатам у раёне Ціхага акіяна. 30 чэрвеня таго ж года ён прыняў у Базіліцы Святога Пятра біскупскую сакру з рук Папы. У якасці біскупскага дэвізу ён абраў словы In FIDE et lenitate («у веры і лагоднасці»).
Шэсць тыдняў у няволі
Праз пяць гадоў Папа Ян Павел ІІ даверыў яму пасаду Апостальскага Нунцыя ў Калумбіі. У 1980 годзе ён перажыў там драматычную падзею — быў выкрадзены партызанамі з групоўкі «Рух 19 красавіка» і шэсць тыдняў знаходзіўся ў палоне. У гэты час ён штодня цэлебраваў св. Імшу для сваіх сукамернікаў, што, як ён пазней падкрэсліваў, глыбока сфармавала яго далейшае служэнне.
У 1990 годзе ён быў прызначаны першым Апостальскім Нунцыем у Венгрыі пасля падзення камунізму, аднавіўшы дзейнасць нунцыятуры, закрытай з 1920 года. Там ён падтрымліваў аднаўленне Касцёла, фарміраванне духавенства, а таксама ўдзельнічаў у перамовах і падпісанні пагадненняў паміж Будапештам і Святым Пасадам.
З 1994 па 1997 год ён выконваў місію Нунцыя ў Малдове, а потым у Нідэрландах. 27 лютага 2001 года Папа Ян Павел ІІ прыняў яго адстаўку з-за пенсійнага ўзросту. Да 2015 года ён яшчэ займаў пасаду прэлата Суверэннага Мальтыйскага ордэна.
Паводле deon.pl
пераклад Марыны Ткач
