З 23 па 28 жніўня ў Оршы прайшоў курс «Закхей» для моладзі. Маладыя людзі прыехалі з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны. Курс праводзілі айцец Ілля Саўчанка MIC і сястра Лілія Дарожка SJE, а таксама аніматары з Жодзіна. Час быў напоўнены малітвай, канферэнцыямі, працай у групах і гульнямі.
Асноўнай тэмай сёлетняга курса стала тэма «Праўдзівыя і фальшывыя аўтарытэты ў маім жыцці». Дапамагалі ў разважанні над гэтай тэмай канферэнцыі а. Аляксандра Жарнасека MIC, Паліны Грыб і сведчанне Генадзія.
Падчас сустрэчы адбыліся практычныя трэнінгі на тэму «аўтарытэтаў», якія правяла для ўдзельнікаў Людміла Падліпенка. Разважаць над тэмай дапамагала таксама і праца ў групах. Кульмінацыяй кожнага дня была супольная святая Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта, падчас якой кожны мог знайсці супакой і адказы на свае жыццёвыя пытанні, а таксама магчымасць споведзі і заступніцкай малітвы.
Новым элементам сустрэчы быў паход у лес, дзе ўдзельнікі мелі магчымасць праверыць сябе ў спартыўным квэсце, а вечарам каля вогнішча супольна паспяваць і паразмаўляць на розныя жыццёвыя тэмы. Час праходзіў у сяброўскай і вясёлай атмасферы, дзе кожны адчуваў сябе як у сям’і. Па словах маладых удзельнікаў, такі час з’яўляецца для іх неабходным, каб затрымацца, падумаць над сваім жыццём і направіць яго ў адпаведным кірунку, а таксама знайсці новых сяброў, якія падзяляюць твае погляды.
Удзельнікі ад’язджалі з надзеяй вярнуцца зноў у хуткім часе.
Айцец Ілля Саўчанка MIC
