Кожны год 17 студзеня на брук вакол базылікі Святога Пятра ў Рыме выходзяць незвычайныя госці. Згодна з традыцыяй, у дзень успаміну святога Антонія Вялікага тут благаслаўляюць кароў, трусоў, коней, курэй і іншых жывёл.
Мерапрыемства, арганізаванае італьянскай асацыяцыяй селекцыянераў (AIA) і Coldiretti, найбуйнейшай італьянскай асацыяцыяй фермераў, як і кожны год, пачалося з святой Імшы, у якой прынялі ўдзел амаль 600 чалавек.
Затым кардынал Маўра Гамбэці, біскуп базылікі Святога Пятра, выйшаў на вуліцу, каб традыцыйна благаславіць жывёл. «Тыя, хто апрацоўваюць зямлю, гадуе жывёл і клапоціцца пра іх, з’яўляюцца саўдзельнікамі гісторыі стварэння […] Такім чынам яны таксама з’яўляюцца дзеючымі асобамі ў справе абароны чалавецтва», — патлумачыў кардынал.
Некаторыя рымляне, знаёмыя з гэтай традыцыяй, таксама прыйшлі са сваімі хатнімі жывёламі. Благаслаўленне жывёлы на свята Антонія Вялікага — гэта агульнаітальянская традыцыя: напрыклад, у Мілане ў гэты дзень біскуп мае звычай наведваць фермы.
Раберта Парадзізі, уладальнік коннага гадавальніка, сказаў:»Паколькі святы Антоній з’яўляецца апекуном жывёл, мы спадзяёмся, што гэта благаслаўленне прынясе дабро ўсім нам у цэлым».
Асвячэнне жывёл у цэнтры Вечнага горада — добрая магчымасць для тых, хто іх разводзіць, расказаць людзям пра сваю працу. «Гэтая падзея карысная, таму што мы паказваем жыхарам, спажыўцам, як мы рухаемся ў напрамку дабрабыту жывёл і бяспекі харчовых прадуктаў», — сказаў Клаўдыё Дэстра, віцэ-прэзідэнт AIA.
«Гэта момант блізкасці з усёй супольнасцю і насельніцтвам», — сказаў Этторе Прандзіні, прэзідэнт Coldiretti, які ўсталяваў стэнд у падтрымку кампаніі супраць сінтэтычных кармоў. Ён дадаў, што цэніць пастаянныя заклікі Папы Францішка аб абароне навакольнага асяроддзя: «Мы, фермеры, з’яўляемся сапраўднымі захавальнікамі навакольнага асяроддзя, і хочам такімі і надалей быць».
CREDO паводле Aleteia
пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

