Музычныя традыцыі беларускіх касцёлаў у канцы XVIII–XIX стагоддзях

Часам можна сустрэцца з перакананнем, што раней для музычнага суправаджэння набажэнстваў выкарыстоўваўся выключна арган. Аднак гэтае выказванне не зусім карэктнае. Для беларускіх касцёлаў былі характэрныя ўласныя музычныя традыцыі.

Паколькі важным элементам рэлігійнай практыкі рымска-каталіцкай царквы выступала музыка, невыпадковым было з’яўленне пры кляштарах асяродкаў навучання ёй. Ігры на музычных інструментах і спевам таксама вучылі і ў каталіцкіх агульнаадукацыйных школах, якія дзейнічалі ў той перыяд – парафіяльных (пачатковых), павятовых – і гімназіях. Аднак існавала неабходнасць больш паглыбленага і спецыялізаванага навучання будучых музыкантаў. Для гэтага ствараліся адмысловыя школы – музычныя бурсы. Заснавальнікам такога кшталту навучальных устаноў быў ордэн езуітаў. Музычныя бурсы існавалі ў Полацку (з канца XVI да 20-х гг. XIX стст.), Оршы (з 1634 г. да 1820 г.), Віцебску (з 1676 да пачатку ХІХ ст.), Нясвіжы (з першай паловы XVII ст.), Мінску, Гродне (з 1704 г.), Слуцку, Магілёве (з канца XVII ст.), Навагрудку (з сярэдзіны XVII ст.), Пінску, Слоніме (з першай паловы XVIII ст.), Юравічах, Мсціславе (з другой паловы XVIII ст.). Па сваёй арганізацыі бурсы ўяўлялі сабой музычныя школы-інтэрнаты, дзе дзеці незаможных бацькоў атрымлівалі музычную і агульную адукацыю.

Вучні бурсаў знаходзіліся ў іх на поўным утрыманні. Моладзь навучалася тэорыі музыкі, асновам кампазіцыі, ігры на музычных інструментах (аргане, флейце, трубе, дудзе, ліры, цымбалах, скрыпцы, клавесіне). Працэс навучання доўжыўся тры гады. Адукацыя ў такіх навучальных установах была бясплатнай. Бурсісты дапамагалі ў музычным аздабленні набажэнстваў у езуіцкіх касцёлах.

У некаторых выпадках музыцы навучалі і ў агульнаадукацыйных школах. Праўда, гэты прадмет маглі вывучаць не ўсе вучні. Такая школа існавала, напрыклад, пры Бялыніцкім кляштары кармелітаў. Музычная падрыхтоўка адбывалася паралельна з агульнай, пачатковай – у парафіяльнай школе. У дакументах адзначаецца: “Школа парафіяльная ўтрымліваецца заўсёды. 6 чалавек са шляхты вучняў кляштар утрымлівае, 8 – корміць і апранае, дваім – апрача стала і адзення за тое, што ходзяць на музыку ў хор, кляштар часткова нават даплачвае”.

“Хадзіць на музыку” ў дадзеным выпадку азначала ўдзельнічаць у працы аркестра, які існаваў пры касцёле. У бялыніцкім касцёле і кляштары кармелітаў гэты аркестр у 1832 г. складаўся з 14 музыкантаў. Склад аркестра быў неаднародны паводле сацыяльнага паходжання ўдзельнікаў. Сярод іх былі як шляхчіцы – Іван Арол (спеў і скрыпка), Іван Шушкевіч (спеў), – так і сяляне з фундушавага маёнтка, які належаў кляштару: Сяргей Іваноўскі (скрыпка, кларнэт, валторна і арган), Міхайла Лявонаў (квартвіёля, валторна і кларнэт), Ануфрый Іваноў (валторна), Марцін Іваноў (фагот і віяланчэль), Даніла Нікіцін (скрыпка, барабаны, спеў), Архіп Нікіцін (кларнэт і флейта), Антон Ермалаеў (флейта), Мікалай Іваноў (флейта), Амос Аксёнаў (труба), Ермалай Ларыёнаў (валторна), Восіп Гаўрылаў (скрыпка, арган, спеў). Кіраваў аркестрам шляхціц Юзаф Буйневіч. У дакументах ён пазначаны як капельмейстр. Яму бялыніцкія кармеліты плацілі 250 рублёў у год і давалі сталовае ўтрыманне.

У наяўнасці ў бялыніцкім касцёле былі наступныя інструменты: 6 скрыпак, 1 альт, 1 віяланчэль, 1 квартвіёля, 2 валторны, 3 трубы, 2 флейты, 4 кларнэты, 1 “пікуліна” (флейта-пікала), 1 фагот. Пра тое, што падрыхтоўка ўдзельнікаў аркестра была грунтоўнай, сведчыць і бібліятэка нот, якія выкарыстоўваліся. Так, у бялыніцкім касцёле іх налічвалася: спяваных Імшаў – 60, літаній – 22, нешпараў – 20, песняў святым – 10, сімфоній – 75, уверцюр – 22, канцэртаў – 6, квартэтаў – 30, квінтэтаў – 6, іншых нот – 40. Адначасова ў дакуменце адзначалася, што “поимянованные в сем списке музыканты играют довольно порядочно”, аднак звярталася ўвага, што інструменты, якія выкарыстоўваліся ў аркестры, ужо дастаткова старыя. Ікона Маці Божай Бялыніцкай была ў тыя часы самай вядомай і шанаванай у Беларусі, а касцёл, кляштар кармелітаў і само мястэчка раней называлі “беларускай Чэнстаховай”. Таму аркестр музычна аздабляў не толькі шараговыя набажэнствы, але таксама іграў падчас урачыстасцей Маці Божай Бялыніцкай, да якой у тыя часы пілігрымавалі прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій.

Касцёл Маці Божай Шкаплернай у Бялынічах (знішчаны савецкай уладай ў 1960-я гады). Малюнак Н. Орды

Ёсць звесткі, што і глыбоцкія кармеліты ўтрымлівалі аркестр з 40 чалавек, які іграў не толькі на набажэнствах, але і ў святочныя дні даваў канцэрты з балкона над уваходам у касцёл.

У ХІХ ст. дастаткова вядомым быў і аркестр пры Магілёўскай архікатэдры. У дакументах ён фігуруе як “музыка / музыка пры архікатэдры”. Арганізацыя дзейнасці аркестра была своеасаблівай. Бацькі аддавалі туды сваіх дзяцей ва ўзросце ад 11 гадоў на так званы “кантракт” на тэрмін ад 7 да 15 гадоў. Падчас “кантракту” маладога чалавека архікатэдра павінна была поўнасцю ўтрымліваць: карміць, апранаць, даваць музычную і агульную адукацыю. Атрымаўшы пачатковую музычную адукацыю, малады чалавек мусіў удзельнічаць у працы аркестра як на набажэнствах, так і падчас прынагодных выступленняў.

Для “музыкі” пры архікатэдральным касцёле быў выдзелены асобны дом. Кожнаму музыканту выдавалася вопратка і бялізна: шапкі, хустачкі, кашулі, штаны плацяныя, кажухі, штаны новыя суконныя, суконныя сурдуты, плашчы новыя суконныя, прасціны, навалачкі, коўдры суконныя. Магілёўскую “музыку” абслугоўваў наняты штат прыслугі: дзве кухаркі, вартаўнік, шавец, і два габрэі: адзін – вадавоз, другі – камінар.

Поспехі ў вывучэнні музыкі перыядычна правяраліся. Напрыклад, 16 сакавіка 1838 г. раніцай у доме музыкантаў па распараджэнні Магілёўскай кансісторыі быў праведзены экзамен. Туды камандзіравалі спецыяльна створаную магілёўскім капітулам камісію ў складзе каноніка кс. Ласкага, прадстаўніка архідыяцэзіяльнага кіраўніцтва, мансіянарыя кс. Чыжа, ксяндза-прэфекта Кеўліча, капелана-біскупа кс. Гурскага і настаўніка музыкі пана Сіпайлы. Асноўнай іх задачай было “пераканацца ў ступені дасканаласці і на якім узроўні сёння знаходзіцца музыка”. Экзаменавалі паасобку кожнага музыканта, правяралі як уменне спяваць, так і ўменне іграць на музычных інстументах.

Дзейнасць аркестра пры Магілёўскай архікатэдры нагадвала больш раннюю традыцыю навучання музыцы: арганізацыі пры кляштарах і касцёлах школаў спеву – мэтрызаў. У іх выкладаліся спевы, ігра на аргане і іншых інструментах. Акрамя музычнай, вучням давалася і агульная адукацыя. Але гісторыя іх дзейнасці закончылася, верагодна, у сярэдзіне XVIII ст., паколькі ў ХІХ ст. такой назвы музычных школ на беларускіх землях не сустракаецца.

Касцёл Св. Станіслава ў Магілёве

У 1838 г. аркестр Магілёўскай архікатэдры складаўся з наступных музыкантаў:

  1. Базыль Паўлоўскі – 22 гады, адданы на 7 гадоў (тут і далей маецца на ўвазе “кантракт”) 01.01.1831 г., іграў на віяланчэлі, квартвіёлі і фагоце, спяваў басам;
  2. Амброзій Камінскі – 17 г., адданы на 8 г. 20.12.1830 г., іграў на кларнэце, скрыпцы і альтоўцы;
  3. Ежы Нядзведзкі – 18 г., адданы 12.10.1831 г. на 10 г., іграў на скрыпцы, альце і кларнэце;
  4. Мацей Красоўскі – 16 г., адданы 20.01.1831 г. на 9 г., іграў на валторне, трубе і трамбоне;
  5. Аляксандр Верашчака – 15 г., адданы 08.03.1831 г. на 9 г., іграў на трубе і валторне;
  6. Клеменс Філіповіч – 15 г., адданы 01.06.1835 г. на 12 г., іграў на квартвіёлі;
  7. Адам Паўловіч – 11 г., адданы 01.03.1836 г. на 12 г., іграў пачаткі на скрыпцы і спяваў дыскантам;
  8. Фларыян Паўловіч – 9 г., адданы 01.05. 1836 г. на 12 г., вучыцца спяваць дыскантам і пачаткі на валторне;
  9. Дыянізій Адуцкевіч – 8 г., адданы 01.08.1836 г. на 12 г., вучыўся іграць на кларнэце;
  10. Юзаф Лукомскі – 13 г., адданы 01.01.1834 г. 10 г., вучыўся іграць на валторне;
  11. Гжэгаж Лукомскі – 11 г., адданы 01.01.1834 г. на 10 г., вучыўся іграць на валторне;
  12. Ян Аношка – 12 г., адданы 25.06. 1837 г. на 15 г., вучыўся іграць на флейце;
  13. Юзаф Аношка –16 г., адданы 25.06.1837 г. на 12 г., вучыўся іграць на кларнэце;
  14. Станіслаў Камёнка – 12 г., адданы 01.01.1834 г. без акрэслення тэрміну і без умоў, іграў на альтоўцы, скрыпцы, вучыўся спяваць альтам;
  15. Юзафат Аболецкай – прыняты без акрэслення тэрміну і умоў, вучыўся іграць на флейце і браў урокі асноваў ігры на фартэпіяне.

Кіраваў аркестрам і ўсім працэсам навучання Язафат Сіпайла. Сваю працу на гэтай пасадзе ён распачаў па кантракце ад 06.03.1837 г. Акрамя заработнай платы, Магілёўская катэдра павінна была выплачваць яму вызначаныя сумы на прадукты, а таксама пастаўляць частку з іх (напрыклад, муку).

Музычныя інстументы аркестра складаліся з 1 скрыпкі-чацвяртушкі, 1 віяланчэлі, 1 альтоўкі, 5 скрыпак для пачатку навук, 7 смычкоў, кларнэту В-1, кларнэту да В-1, кларнэту С-1, 2 фаготаў, 5 валторнаў, 2 труб, 1 габоя, 2 сапсаваных медных літаўраў, аднаго малога фартэпіяна (фісгармоніі) на 4½ актавы і інструментаў для настройкі і рамонту. У 1833 г. закупілі новыя інструменты для аркестра. Набылі 2 валторны, 2 трубы з 10 тонамі, 1 трубу з 5 тонамі, 1 трамбон, 2 фаготы, кларнэт С-2, кларнэт В-2, 1 кларнэт-пікала, кларнэт F-1, 2 габоі і іншыя інструменты.

Бібліятэка нот у Магілёўскай катэдры таксама ўражвала. Перш за ўсё тым, што большасць твораў належала сучасным кампазітарам. Сярод іншых, у пераліку нот у 30-х гадах ХІХ ст. значацца наступныя: сімфонія Куфнера для 11 інструментаў сі-бемоль мажор, сімфонія Калівода для 18 інструментаў рэ-дыез мажор, сімфонія Ромберга для 13 галасоў рэ-дыез мажор, сімфонія Рыес для 14 інструментаў рэ-дыез, уверцюра Шпора для 20 галасоў соль-бемоль мажор, уверцюра Шпора для 20 галасоў до мінор, уверцюра Вэбэра для 20 інструментаў мі мажор, уверцюра Бетховена для 20 інструментаў до мажор, уверцюра Фэска для 19 інструментаў до мажор, уверцюра Куфнэра для 12 інструментаў до мінор, уверцюра Шнайдэра для 19 інструментаў рэ мажор, Імша Гумеля для 20 інструментаў рэ-дыез мажор, Імша для 20 інструментаў Фа мажор, урачыстая Імша на 18 інструментаў рэ-дыез мажор, Пастэрка на 18 інструментаў рэ мажор і шмат іншых.

Музыканты не заўсёды былі задаволеныя сваім ўтрыманнем, і ў 1835 г. нават скардзіліся ў магілёўскі архікатэдральны капітул. Скаргі датычыліся не толькі матэрыяльнага забеспячэння (недахоп зімовага адзення і аднастайнасць у харчаванні). Яны былі незадаволеныя адстутнасцю падручнікаў па арыфметыцы, граматыцы і тым, як выкладаюцца агульнаадукацыйныя прадметы. Што ж да музычнага складніка, то яны дамагаліся пашырэння рэпертуару, паколькі, як было адзначана ў скарзе, штодня ігралі адно і тое ж. Аднак 19 лютага 1840 г. мітрапаліт загадаў значна зменшыць колькасць катэдральных музыкантаў.

“З наяўнасцю дарагіх музычных інструментаў у касцёлах звязаныя і пэўныя эксцэсы. Напрыклад, у канцы 20-х гг. ХІХ ст. шырокі розгалас набыла гісторыя крадзяжу з бялыніцкага касцёла. У адпаведнасці з выпіскай са справы аб гэтым крадзяжы, пачатай 12 сакавіка 1827 г., адзначалася, што злачынства заўважыў настаяцель манастыра Уладзіслаў Гудгаўд. Адбылося гэта 11 сакавіка 1827 г. Пасля правядзення расследавання аказалася, што злачынства здзейсніў прыгонны селянін гэтага кляштара, які адначасова спаўняў абавязкі арганіста – Аляксандр Данішкевіч. Па версіі следства менавіта ён займаўся тым, што выносіў з касцёла “алавяныя дудкі” (трубы) з аргана і за гарэлку аддаваў іх яўрэю Буну Рубіновічу. Той, у сваю чаргу, сабраўшы дастатковую колькасць, адвёз іх у Шклоў і прадаў там Катляру Рудкоўскаму. Гэта выявілася дзякуючы сведчанню селяніна Лявона Ляшчынскага. Ён паказаў, што вазіў Рубіновіча ў Шклоў, а падчас паездкі дастаў адну трубку з мяха. На пасяджэнні суда арганіст прызнаўся, што ў 1826 г. украў з аргана 16 “дудак” і аддаў іх Рубіновічу за гарэлку, а ў сакавіку 1827 г. па просьбе таго ж яўрэя ўкраў яшчэ адну і таксама аддаў яе за гарэлку”.

Справа музычнай адукацыі пры кляштарах і касцёлах завяршылася ў ХІХ ст. іх закрыццём, а таксама забаронай каталіцкаму духавенству займацца асветай моладзі. Першая хваля касацыі кляштараў адбылася ў 1820 г., калі ўсім езуітам загадалі пакінуць межы Расійскай імперыі (у склад якой у той час уваходзілі беларускія землі). Наступная хваля распачалася пасля паўстання 1830-1831 гг. Чарговы масавы этап закрыцця касцёлаў і кляштараў меў месца пасля паўстання 1863-1864 гг. Разам з закрыццём касцёлаў перапыняліся і іх музычныя традыцыі.

Пры падхыхтоўцы выкарыстаны матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.

Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук (Мінск) 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі