Міласэрнасць скрозь трагізм у творчасці Васіля Быкава

bykov«Узлюбі бліжняга свайго, як самога сябе» (Мф., 22:37-39)

Міласэрнасць, літасць паводле прынятага азначэння – гэта гатоўнасць дапамагчы каму-небудзь або прабачыць каму-небудзь са спачування і чалавекалюбства. Ужо ў глыбокай старажытнасці людзі цанілі гэтыя якасці. А праявы міласэрнасці заўсёды прызнаваліся найвышэйшым найгуманнейшым учынкам.

У хрысціянскай запаведзі любоў да Бога і любоў да бліжняга дадзены ў адзінстве. Запаведзь любові стала фундаментальнай, як усе Маісеевы запаведзі. Паводле хрысціянскага вучэння, міласэрнасць дасягае маральнай паўнаты, калі ўвасабляецца ў дзейнасці.

Міласэрнасць увасоблена ў спагадлівым стаўленні да людзей, пры якім чалавек абмяжоўвае сябе, ахвяруе сабой дзеля іншага. Міласэрныя паводзіны з’яўляюцца доказам дасканаласці асобы, яе высокай маральнасці.

Ідэі літасці, спагады ўвайшлі ў мастацтва і літаратуру і сталі яе арганічнай часткай. Доказ таму – творы пісьменікаў-класікаў, пранізаныя любоўю да ўсяго жывога, да ўсіх прыніжаных і зняважаных.

У поўнай меры “вечныя” ідэі міласэрнасці і спагады выявіліся ў творчасці Васіля Быкава, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата самых прэстыжных літаратурных прэмій.

Некаторыя з аматараў яго творчасці схільныя бачыць у аповесцях толькі жорсткую праўду вайны, трагедыю чалавека ў гэтых умовах, суровы побыт ваеннай рэчаіснасці.

Аднак уважлівае прачытанне твораў В.Быкава дазваляе ўбачыць пазіцыю пісьменніка-гуманіста, які імкнецца ў любых складаных абставінах найперш сцвердзіць вялікую сілу любові і дару міласэрнасці. Яго героі выяўляюць гэтыя якасці не па загадзе, не ў пагоні за славай і прызнаннем, а па ўнутранай патрэбе быць літасцівымі да ўсіх, каму гэта спагада і любоў патрэбныя.

У аповесці “Трэцяя ракета” (1961) апавядаецца пра адзін дзень на вайне, дзе шэсць салдат – разлік супрацьтанкавай 45-міліметровай пушкі — трымае абарону. Сёмай гераіняй становіцца медсястра Люся, якая пад агнём прыносіць салдатам загад аб адступленні, бо адзін з байцоў маладушна адмовіўся гэта рабіць. Яна прынесла загад і загінула разам з іншымі.

Як ні дзіўна, ацэнкі вобразу Люсі былі даволі розныя: “вобраз даказвае, што і на вайне ёсць каханне, і гэтым самым падкрэслівае жах і недарэчнасць смерці. Дзяўчына ўвасабляе сум салдата па міры”. Другія бачаць у вобразе Люсі ўвасабленне маральна-філасофскай праблематыкі твора.

Аказалася, мала хто заўважыў, што ідэю міласэрнасці і спагады ў аповесці якраз і нясе ў сабе вобраз Люсі. У яе не было сярод салдат таго, каго б яна кахала ці вылучала нейкім іншым чынам. Яна тут, бо інакшай яна быць не магла:

— Сястра, — кажа Лук’янаў яшчэ, — чаго вы тут? Хто вас паслаў? — Сама. — Навошта, га? — Так! Шкада вас стала, — проста адказвае Люся. — Шкада! — шэпча Лук’янаў і заплюшчвае вочы. — Спачуваць — гэта добра…

І Люся робіць усё, каб быць для салдат карыснай: перавязвае раны, падае рэшткі вады, адстрэльваецца ў час атакі. Сваёй спагадай і адданасцю яна спрабуе загладзіць здрадніцтва, учыненае Лёшкам Задарожным.

Яны, па сутнасці, становяцца героямі антыподамі: эгаістычны, баязлівы салдат і слабая, але з вялікім і, можна сказаць, прыроджаным дарам міласэрнасці дзяўчына.

Менавіта пра гэту якасць Люсі і гаворыць адзін з салдатаў: “Наогул, шмат нашых уяўных бед ад таго, што мы не верым жанчыне. Мала паважаем яе. А ў ёй жа святасць мацярынства і мудрасць вякоў. Яна антаганіст злачынства, бо яна маці”.

Кранае ў аповесці кароткі эпізод, дзе спагаду да бліжняга выяўляюць і самі салдаты, праявіўшы спачуванне спакутаванаму і слабейшаму сябру. Байцу Лук’янаву сябры даруюць яго нястрыманасць у ежы, ведаюць, “што ён дужа нагаладаўся ў палоне і дагэтуль не можа наесціся”.

Гэта як раз той прыклад высакароднасці, калі свая патрэба (а іншыя салдаты не ў меншай меры былі галоднымі) адступае на другі план перад рэальнай патрэбай бліжняга. Складаныя ўмовы вайны, дзе ўсё пастаўлена на выжыванне, не прыглушылі чалавечнасці, а, наадварот, выявілі яе так проста і натуральна.

У той жа час лёгка заўважыць: спагада да сваіх у пякельных абставінах – гэта дастаткова зразумелая і вытлумачальная з’ява.

А ці здольны чалавек у нялюдскіх абставінах спагадаць ворагу, ці здольны ён на літасць у такім выпадку? Нібы ў працяг гэтага роздуму Быкаў уводзіць у змест аповесці эпізод з цяжкапараненым немцам-танкістам. Абгарэлы і аслеплены, ён выпадкова трапляе ў акоп да нашых байцоў: “Нейкі час мы нерухома ўзіраемся ў гэты прывід, пасля я зацята камандую:

— Уніз! Хутка! Шнэль!..

…я хапаю яго за плячо, цягну на сябе — зрушваючы камякі, ён перавальваецца ў сховішча і падае ў дол. На нашу мітусню ў акопе б’юць некалькі куль, але міма.

— Ага, прыпякло, чортаў фрыц! — кажу я са злосцю і падчапляю яго ботам пад бок, каб адкаціць з праходу. Люся ўскідвае на мяне свае строгія вочы.

— Нашто ты? Памірае ж!

…Люся, аднак, з нейкаю незразумелаю мне цярплівасцю бярэ яго пад пахі, адцягвае з-пад ног і кладзе побач з Паповым…

…Я хачу быць злосным, злосць надае сілы, але я губляю яе разам з рэшткамі гэтай сілы…Гінуць нашы, паміраюць немцы, гінуць маладыя і старыя, добрыя, злыя, паганыя — і хто вінаваты?..”

Так мы бачым, што баец перажывае складаныя пачуцці. Нянавісць у такім выпадку падаецца цалкам заканамернай, бо толькі што ў баі загінулі яго паплечнікі-байцы, але пачуццё міласэрнасці аказваецца больш моцным, чым нянавісць да ворага.

У час атакі гіне Люся, спрабуючы данесці параненым ваду. Але нават яе смерць працягвае нагадваць пра важнасць літасці на вайне, і гэта ратуе салдата Лазняка ад грахоўнага ўчынку — забойства бездапаможнага ворага.

“Побач нешта пачынае мармытаць абгарэлы немец. Жывучы! Нашы ўсе да аднаго палеглі тут, а ён вось жывы. У мяне ўзгараецца жаданне дабіць яго, задушыць. Але прыпамінаецца: Люся не дала мне зрабіць гэта ў самым пачатку — і я веру ёй. Мусіць, яна сваёй чалавечай жаночай душой адчувала нешта такое, што недаступна нам, аслепленым крывёю, нянавісцю, гарачкаю бойкі”.

Безумоўна, у гэтым творы галоўная задача пісьменніка — даць адчуць усю жорсткасць вайны, яе непрадказальны характар, яе злачыннае ўздзеянне на асобу слабую ці духоўна абмежаваную. Але не ў меншай меры пісьменнік даказвае думку, што нават у гэткіх умовах чалавек (калі ён чалавек) павінен заставацца ім і змагацца за сваё права быць добрым, справядлівым і міласэрным.

У многіх іншых ваенных аповесцях В.Быкава будзе гучаць трывожны голас пісьменніка ў абарону чалавечнасці, а праявы міласэрнасці ён будзе ацэньваць самай высокай мерай чалавечых вартасцей.

У 70-я гады В.Быкаў звернецца да так званай “партызанскай тэмы”, якая ў яго творчасці атрымае практычна новае, іншае раскрыццё. Пісьменнік адкіне як непатрэбнае апісанне кідкага подзвігу, прыклады геройства, ён зноў вылучыць такія моманты, што паказваюць праявы дабрачынства і міласэрнасці.

Будзе ратаваць ні ў чым не вінаватых людзей, якім пагражае гібель, Сотнікаў, герой аднаіменнай аповесці. Ахвяруючы сабой, пойдзе здавацца ворагу настаўнік Алесь Мароз, бо ад гэтага залежыць жыццё яго вучняў-падлеткаў (аповесць “Абеліск”).

Асабліва выразна прагучала праблема міласэрнасці ў аповесці В.Быкава “Воўчая зграя”. У час блакады, учыненай немцамі, трое партызан аказаліся ў складанай сітуацыі. Яны павінны ратавацца ад ворага самі і ратаваць маладую жанчыну, якая чакае дзіця.

Пасля жорсткай сутычкі з ворагам застаецца ў жывых адзін партызан Ляўчук, які, пераадольваючы неймаверныя цяжкасці, выносіць у бяспечнае месца толькі што народжанае дзіця. Сам аўтар дакладна перадае адчуванні свайго героя, разважаючы разам з ім над сутнасцю такога ўчынку: “У гэтай малечы заключаўся для яго нейкі, хоць і не асэнсаваны яшчэ ім, сэнс, якім ён не мог пагарджаць, пакуль яшчэ быў жывы і заставаўся чалавекам.

Калі ён яго не ўратуе, тады навошта гэтая яго ашалелая барацьба за жыццё, якім ён не прывык даражыць занадта і даўно ведаў, што выжыць на вайне — раскоша”.

Учынак радавога партызана па ратаванні дзіцяці – узор найвышэйшай праявы міласэрнасці. Гэта, па сутнасці, чалавечы выклік жорсткім абставінам вайны.

Быкаву ўдалося сцвердзіць, што міласэрнасць уяўляе сабой складаную задачу, бо яна патрабуе ад асобы выключнай мужнасці: пераадолець свой страх, сваё імкненне да спакою і бяспекі, нават да жыцця. Рашэнне такой задачы – свайго роду геройства.

Ваенныя аповесці В.Быкава выразна скіроўваюць да думкі, што гаварыць пра дабро і міласэрнасць можна многа і бясконца.

І не ў меншай меры яго творы даказваюць: спагада і літасць маюць каштоўнасць толькі тады, калі яны дзейсныя, актыўныя. Толькі той рэальна здольны на іх выяўленне, хто мае ў душы заключаную Богам патрэбу –любіць сабе падобных у любых абставінах, насуперак усякім злавесным акалічнасцям.

Святлана Тарасава старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры ГДУ, grodnensis.by

для друку для друку