
(злева направа) Віталій Мікуліч, Андрэй Юралевіч, Міхаіл Касцюкевіч, Дзмітрый Красса. Адзін са складаў «Міласці»
Гурт “Міласць” карыстаўся папулярнасцю сярод каталіцкай аўдыторыі ў 90-ых і нулявых. Музыкі давалі да дзесяці канцэртаў у год, выступалі на фэстах усебеларускага маштабу і парафіяльных адпустах. Акрамя гэтага, ігралі ў пілігрымках, на рэкалекцыях і прыміцыях. Іх драйвовая музыка стала нібы саўндтрэкам да адраджэння Касцёла ў Беларусі. Пра культавасць гурта размаўляем з былым удзельнікам “залатога складу” Андрэем Юралевічам і яго пераемнікам Аляксандрам Ардзюком.
“Стук-стук-стукам…”, Ці прабіўшыся да сэрцаў вернікаў
Першы ўзгадвае мінулае з, падаецца, недарэчнай сціпласцю: “Мы разумелі, што нас, магчыма, успрымалі як добры гурт… Аднак перадусім хацелася, каб нашая справа падабалася Богу. Мы ж і пачыналі проста як хлопцы, што прагнулі спяваць падчас св. Імшы. Пасля ўжо марылі прыўнесці штосьці новае ў беларускую хрысціянскую музыку”.
Маладзёны сталі першым каталіцкім гуртом у краіне, які выкарыстоўваў барабаны. Праўда, на інструменце гралі збольшага па-за межамі святыні, бо ён вельмі гучны і, здаралася, недарэчна спалучаўся з касцельнай акустыкай.
“Перад вачыма канцэрт у Доме культуры на Дні моладзі ў Лідзе. Хлопцаў і дзяўчат сабралася ажно 800 чалавек – зала хадзіла хадуном, – адзначае мужчына. – Дагэтуль маладыя вернікі чулі толькі ціхую ігру на гітары, а нам хацелася даць чагосьці больш рашучага, больш набліжанага да року! Гэта і стала чымсьці новым. Магчыма, камусьці рэзала вуха, але, мне падаецца, маладым сэрцам заходзіла добра!”
“Я памятаю яшчэ тыя часы, калі бабулі скардзіліся, што ў касцёле граюць на гітары. “Міласць” вывела музыку на той узровень, калі і барабаны ў святыні можна было паставіць, і бабулі пры гэтым былі задаволеныя”, – дадае Аляксандр.
Мужчына лічыць, што гурт спрыяў пазітыўным пераменам у Касцёле, памяншаючы кансерватыўнасць на карысць адкрытасці. Вернікам паказалі, што не толькі арган можа быць арганічным у храме, але і іншыя інструменты. Касцельныя песні, “якія сто гадоў іграліся аднолькава”, загучалі па-новаму, стылёва. Слухачоў захаплялі ўжо не толькі тэксты, але і музыка. “На той момант мне падавалася, што ў нас увогуле самы круты стыль у Беларусі”, – падкрэслівае Аляксандр.
Разам з тым Андрэй адзначае, што асновай творчасці і галоўным пасылам музыкаў заўсёды была Божая любоў: “А жанр, выбар якога сыходзіў з нашых палымяных душаў, стаў абалонкай для Слова”.
Жывая падача песень дапамагала лёгка ўсталёўваць кантакт з аўдыторыяй. Як у сапраўднага прафесійнага бойс-бэндa, у хлопцаў з’явіліся “фанаты”, якія чакалі іх пасля канцэртаў, каб аддзячыць, перагаварыць. “Асабліва дзяўчаты падыходзілі, любілі якую цацку падарыць”, – узгадвае з усмешкай Андрэй.
“Аднойчы знаёмая з парафіі папрасіла нас пайграць на вяселлі, – дапаўняе Аляксандр. – З-за няведання, як там “адпрацоўваюць”, мы гралі з пятай вечара да другой ночы – пальцы былі скрозь у крывавых мазалях. Усе песні праспявалі, што ведалі, бо свецкія асабліва не гралі. Гасцям моцна спадабалася – крычалі, візіткі прасілі. А мы ім у адказ, што па вяселлях не ездзім, што мы касцельны гурт!”
Прадзюсар
Бацькам ідэі і духоўным настаўнікам “Міласці” быў кс. Юзаф Багдзевіч. Ён браў на сябе выдаткі, дапамагаў вырашаць бытавыя клопаты, дамаўляўся наконт выступаў. “Мы любілі гэтага святара як чалавека, а яму была даспадобы нашая справа. Мне падаецца, у ім да сёння не згасла іскра маладосці”, – дзеліцца Андрэй.
“Памятаю, калі ён ужо быў пробашчам у новай парафіі, запрасіў нас да сябе выступіць на касцельным свяце. Мы прыехалі, расставіліся – а там бабуляў з дзесяць чалавек. Зайгралі для іх крыху, а пасля сёстры накармілі нас так, нібы мы тыдзень выступалі. Мілы жэст быў з боку кс. Юзафа”, – узгадвае Аляксандр.
“Нам было радасна ад таго, што робім”
Гурт “Міласць” запісаў тры альбомы: “Тебе дан шанс, человек”, “Да Маці Божай” і “Ключи”. Першы і апошні запісвалі ў гукастудыі кс. Яна Глінкі ў Баранавічах. Другі – амаль на каленках, у вельмі дамашніх умовах у Лідзе. Удзельнікі гурта на той час жылі ўжо ў розных гарадах, таму, акрамя творчых высілкаў, праца патрабавала шмат каардынацыі і шчыльнага графіку. Некаторыя рэчы запісвалі днём, некаторыя – уначы.
“Кожны меў сваё дарослае жыццё. Каб зладзіць канцэрт, трэба было сабрацца ўсім на рэпетыцыі – каму з Гродна, каму з Мінска, з Польшчы даехаць. А калі праца па 12 гадзін і графік 2 праз 2, то бывала вельмі энергазатратна. У апошнія гады існавала праблема і з рэпетыцыйнай базай. Дык мы з Андрэем прыдумалі арганізаваць студыю на гарышчы ягонай хаты. Пазаносілі ўсё туды… Складана, калі музыка не прыносіць фінансавай стабільнасці. Хаця мы ніколі і не гналіся за грашыма”, – распавядае Аляксандр.
Касеты і дыскі з запісамі гурт рэалізоўваў за сімвалічную плату. Грошы часцей за ўсё ішлі на даезд. Усё астатняе з уласнай ініцыятывы дзеля добрай ідэі. У завяршэнні дзейнасці гурта нават фінансавыя сродкі з распраданай апаратуры пайшлі на будаўніцтва новага касцёла ў Лідзе.
“Гэта мая душа”
Аляксандр прызнаецца, што з юнацтва глядзеў на гурт як на сваіх куміраў. “Міласць” натхніла яго самастойна авалодаць гітарай, бо хацеў іграць, як яны.
“Памятаю канцэрт арыгінальнага складу падчас фэсту ў Будславе. Для іх прывезлі прычэп ад трактара, і хлопцы выступалі на ім, як на сцэне, – узгадвае мужчына. – Прычэп так і застаўся там пасля ўрачыстасцяў. І мы ўжо новым складам “Міласці” ізноў ігралі на ім праз некалькі гадоў. Мяне тады ахапіла такая настальгія… Калісьці я ўзіраўся ў тую сцэну як пілігрым, а цяпер сам на ёй стаяў…”
«Каб зусім папулярнасць – не, такога не было, – з той жа сціпласцю падсумоўвае Андрэй. – Але ў маім жыцці застаўся вялізны след”.
Кс. кан. Уладзімір Гуляй, пробашч Лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, адзін з духоўных апекуноў гурта:
– У той час з’яўляліся розныя спосабы евангелізацыі, і каталіцкі гурт не быў чымсьці новым. Кожны хрысціянін выбіраў, як рэалізаваць сваё пакліканне. Што я заўважыў у хлопцаў з “Міласці”, дык гэта ідэйнасць, хоць мне і не падабаецца само слова. Яны сапраўды былі папулярнымі, але пры гэтым не шукалі сябе. Музыкі шукалі славы Божай. Іх музыка, песні, былі прасякнутыя любоўю да Хрыста і Марыі, жаданнем абвяшчаць Слова. Памятаю, хлопцы прыходзілі на плябанію і пачыналі кожную рэпетыцыю з малітвы. Ды ўвогуле ўся іх рэпетыцыя была малітвай.
Я дапамагаў “Міласці” чым мог, бо мне не была чужая гэтая дзейнасць – я стаяў ля вытокаў “Авэ”. Але адна справа, калі каталіцкі гурт ладзяць семінарысты, і іншая – калі свецкія хлопцы, якія маюць шмат уласных справаў. Праз іх сапраўды дзейнічаў Святы Дух. На канцэртах яны стваралі феерычную атмасферу. Андрэй Юралевіч умеў завесці гледачоў. Андрэй Змітровіч падкупляў таямнічасцю паэта, стрыманасцю, за якой хаваліся думы пра веру і жыццё. А непаўторны музычны стыль гурта стаў узбагачэннем мясцовага Касцёла.
Справа “Міласці” жыве і сёння, іх песні спяваюць у пілігрымках, падчас набажэнстваў, на фэстах.
Заўвага:
Гурт “Міласць” узнік у 1997 годзе пры Лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Ліда-Фара). Да 2003 года ён выступаў у “залатым складзе” з Андрэем (вакал, гітара) і Іванам (сола-гітара, вакал) Змітровічамі, Андрэем Юралевічам (вакал, клавішныя), Віталем Мікулічам (бас-гітара), Міхаілам Касцюкевічам (бас-гітара) і Дзмітрыем Красам (барабаны). Пасля ўдзельнікі часта змяняліся, дзейнасць перапынялася. У 2006 годзе гурт аднавілі ў тым ліку Аляксандр Ардзюк (гітара) і Андрэй Юралевіч – “Міласць” праіснавала да 2020 года. На дадзены момант значная частка ўдзельнікаў знаходзіцца за мяжой.
Гурт “Міласць” выказвае падзяку Богу за атрыманыя ласкі, кс. кан. Юзафу Багдзевічу – за заснаванне і развіццё гурта, кс. кан Уладзіміру Гуляю – за падтрымку і ўсім слухачам – за высокую ацэнку іх творчасці.
Ангеліна Марцішэўская
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


