Манахіня стала генеральным сакратаром славенскага епіскапату

сястра Марыя Сіменц

Генеральны сакратарыят Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Славеніі ўзначаліць салезіянка Марыя Сіменц. Яна стала першай жанчынай на гэтай пасадзе.

Пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў манахіні пачынаецца 17 красавіка 2023 года. У 2018 годзе Сіменц абараніла доктарскую дысертацыю ў Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме. У цяперашні час яна кіруе правінцыяй манаскай Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў (салезіянкі) у Славеніі і Харватыі.

Будучы генеральны сакратар мае вялікі вопыт кіраўніцтва ў Касцёле і сваёй манаскай супольнасці, — паведаміў славенскім СМІ старшыня епіскапату, біскуп Андрэй Сае. Яна таксама свабодна валодае італьянскай мовай, што важна для міжнароднага касцёльнага супрацоўніцтва. У цэлым, уключэнне жанчын у склад біскупскай канферэнцыі «адпавядае духу Сінадальнага працэсу, які адбываецца ва ўсім свеце», — адзначыў іерарх.

«Папа Францішак ужо шмат гадоў выступае за прызначэнне жанчын на розныя пасады ў Касцёле, якія не абавязкова павінны займаць святары”, — сказала сястра Марыя, якая лічыць, што яе прызначэнне сведчыць аб тым, што “біскупы прыслухаліся да Папы і ўвасобілі ў жыццё яго рэкамендацыі».

Жанчыны на пасадзе генеральнага сакратара епіскапату – гэта рэдкасць. У Еўропе ёсць два такія выпадкі: генеральны сакратарыят Канферэнцыі Біскупаў Германіі з 2021 года ўзначальвае Беатэ Гілес, а генсекам Канферэнцыі Біскупаў Паўночных краін з 2009 года з’яўляецца Анна Мір’ям Кашнер з манаскай Кангрэгацыі сясцёр місіянерак Найкаштоўнейшай Крыві.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку