Малітва за памерлых на Лепельшчыне

Месяц лістапад пачынаецца з двух светлых і прыгожых свят. 1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых і акурат на наступны дзень 2 лістапада – успамін усіх памерлых вернікаў. 

Касцёл як Цела Езуса Хрыста, нібы з жывых камянёў, складаецца з людзей: і тых, якія цяпер жывуць, і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць. І католікі лепельскай зямлі дужа шануюць сваіх памерлых, спачыўшых у вечным супакоі. Добра, што сёлета абодва святы трапілі па календару на вольныя ад працы дні, і шмат хто з вернікаў мелі магчымасць трапіць на могілкі, загадзя іх крыху прыбраўшы.

Ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі ў суботу наведаў могілкі ў вёсках Красналучка і Весялова, памаліўся за памерлых коратка, але шчыра на старым могільніку, на «Галодніках», не прамінуў жывых і спачыўшых вернікаў на новым могільніку.

2 лістапада святая Імша пачалася з чытання імён памерлых і малення за іх супакой. Адбывалася гэта даволі доўга, але светла і лёгка, бо ў вечнай еднасці памерлыя, бы жывыя, маліліся разам з лепельскімі парафіянамі. І адчувалі гэта ўсе прысутныя.

Ад святога ж рэліквіярыя, што ў лепельскім касцёле, адыходзіла нібы святло жыцця, бо ўсе 29 рэліквій святых (спіс якіх можна ўбачыць ТУТ), зіхацелі бы зоркі ў промнях веры. Яны не памерлі, а перайшлі ў вышыню. І назіраюць, і ахоўваюць, і дапамагаюць нам кожнае імгненне гэтага кароткага жыцця. Дык будзь жа, каб мы не знікалі з погляду спачыўшых ахоўнікаў-родных, благаслаўлёных і святых: святло вечнае няхай ім свеціць!

Алег Шушкевіч

для друку для друку