Лурдскі санктуарый хоча ўключыць працэсію са свечкамі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Францыі

Санктуарый Маці Божай Лурдскай распачаў ініцыятыву па ўключэнні сваёй традыцыйнай марыйнай працэсіі са свечкамі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Францыі. Заяўка была пададзена ў Міністэрства культуры Францыі 26 верасня 2025 года.

Вячэрняя працэсія пачынаецца з Грота аб’яўленняў і абыходзіць эспланаду Ружанца. У гэтай малітоўнай працэсіі ўдзельнічаюць тысячы пілігрымаў. 150-гадовая традыцыя, якая жыве дагэтуль, з’яўляецца адначасова рэлігійным сімвалам і выразам культурнай сутнасці, як і значэнне гэтага месца для ўсяго свету. Паходжанне працэсіі ўзыходзіць да аб’яўленняў Дзевы Марыі ў 1858 годзе.

Падчас чацвёртай сустрэчы з Марыяй святая Бернадэта Субіру прыйшла ў грот Массаб’ель з запаленай свечкай. Па прыкладзе візіянеркі пілігрымы прыходзяць сюды са свечкамі з 1863 года; а ў 1864 годзе, падчас асвячэння фігуры Марыі, адбылася першая працэсія. Сёння гэта не толькі неад’емная частка малітвы ў святыні, але і найбольш сімвалічны вобраз Лурда.

Тут збіраюцца ўсе пілігрымы, якія прысутнічаюць у пэўны дзень. Падчас працэсіі чытаецца Ружанец на розных мовах. У свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, 15 жніўня, працэсія часам збірае больш за 17 тысяч удзельнікаў. Уключэнне працэсіі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Францыі стане першым крокам да яе канчатковага прызнання ЮНЕСКА спадчынай усяго чалавецтва.

Кіраўніцтва святыні таксама абвясціла аб стварэнні Цэнтра гістарычных рэсурсаў (Centre de Ressources Historiques), які збярэ і цэнтралізуе ўсе архівы, забяспечыць ім адпаведныя ўмовы захоўвання і зробіць іх даступнымі для даследчыкаў, студэнтаў, а таксама пілігрымаў. Цэнтр таксама будзе служыць выставачнай прасторай, адкрытай для публікі, каб унікальная гісторыя Лурда магла быць расказана будучым пакаленням.

credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку