Папа Францішак нагадаў пра важнасць св. Імшы для жыцця верай. Аб гэтым гаворыцца ў пасланні з нагоды італьянскага 71-га Нацыянальнага літургічнага тыдня, які з 23 па 26 жніўня 2021 года праходзіць у Крэмоне.
У дакуменце, скіраваным за подпісам кардынала П’етра Параліна, Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы, адзначаецца, што “літургічны пост”, звязаны з пандэміяй, хоць і быў “сумным досведам”, але дазволіў “адчуць важнасць Боскай літургіі для жыцця вернікаў”.
“Штотыднёвы сход “у імя Пана”, які з моманту свайго ўзнікнення ўспрымаўся хрысціянамі як неад’емная рэчаіснасць, непарыўна звязаная з уласнай тоеснасцю, быў сур’ёзна закрануты падчас самай вострай фазы распаўсюджвання пандэміі. Але любоў да Пана і душпастырская крэатыўнасць прымусілі пастыраў і свецкіх вернікаў шукаць іншыя спосабы ўмацавання адзінства веры і любові з Панам і братамі ў чаканні магчымасці вярнуцца да паўнаты эўхарыстычнай цэлебрацыі ў супакоі і бяспецы”, — адзначыў Святы Айцец.
“Гэта было цяжкае і пакутлівае чаканне, асветленае таямніцай Крыжа Пана і плённае мноствам спраў міласэрнасці, братэрскай любові і служэння людзям, якія найбольш пакутавалі ад наступстваў надзвычайнай эпідэмічнай сітуацыі”, — гаворыцца ў пасланні.
Папа Францішак звярнуў увагу на тое, што ў рэальным жыцці людзей змянілася ўспрыняцце часу і самой нядзелі, што “паўплывала на іх лад жыцця і адчуванне прыналежнасці да супольнасці, народа, сям’і і адносін з тэрыторыяй”. Гэта прывяло да таго, што нядзельная цэлебрацыя стала “незбалансаванай” як з пункту гледжання прысутнасці пакаленняў і культурнай неаднастайнасці, так і цяжкасцей, звязаных з яе гарманічнай інтэграцыяй ў парафіяльнае жыццё. Нядзельная літургія павінна быць “сапраўднай кульмінацыяй” жыцця парафіі і крыніцай яе “місійнай дынамікі”, — дадаў ён.
У сувязі з гэтым Папа Францішак выказаў надзею на тое, што Літургічны тыдзень дапаможа з’яўленню новых ідэі і напрамкаў літургічнага душпастырства, якія будуць прапанаваны парафіям на тэрыторыі ўсёй Італіі. “Няхай нядзеля, Эўхарыстычная асамблея, служэнне і абрады выйдуць з маргіналізацыі, да якой яны здаецца няўмольна набліжаюцца, і зноў зоймуць цэнтральнае месца ў веры і духоўнасці вернікаў”, — пажадаў Пантыфік.
Аляксандр Панчанка, беларукая рэдакцыя Vatican News
