Пантыфік падзяліўся думкамі адносна шэрагу актуальных пытанняў: трагедыі ў Газе, адносін з Кітаем і ЗША, ватыканскіх рэформ і фінансаў, праблемы злоўжыванняў і палярызацыі ў Касцёле.
18 верасня 2025 года ў Перу выйшла біяграфічная кніга “Леў XIV: грамадзянін свету, місіянер XXI стагоддзя”, на старонках якой змешчаны тэкст інтэрв’ю, якое Святы Айцец даў журналістцы Элізе Эн Ален. Ён прызнаўся, што як Папа будзе імкнуцца будаваць масты, а не ўмацоўваць палярызацыю ў свеце і Касцёле.
Трагедыя насельніцтва Газы
Каментуючы сітуацыю ў Сектары Газа, Леў XIV заўважыў, што, нягледзячы на “пэўны ціск на Ізраіль” з боку ЗША і некаторыя заявы прэзідэнта Трампа, не паследавала выразнай рэакцыі, каб “паменшыць пакуты насельніцтва”. “Гэта вельмі трывожна”, улічваючы ўмовы, у якіх знаходзіцца шмат людзей, асабліва дзяцей, якія пакутуюць ад “сапраўднага голаду”, сказаў ён. Пантыфік спадзяецца, што людзі не будуць заставацца абыякавымі да таго, што адбываецца ў Газе: “Жахліва бачыць гэтыя выявы па тэлевізары… немагчыма вытрымаць такі боль”, — сказаў ён.
Тэрмін “генацыд”
Гаворачы пра выкарыстанне паняцця “генацыд”, якое ўсё часцей ужываецца для акрэслення сітуацыі ў Сектары Газа, Папа падкрэсліў, што Святы Пасад пакуль не можа зрабіць якую-кольвечы афіцыйную заяву па гэтым пытанні. Адначасова ён заўважыў, што гэты тэрмін выкарыстоўвае ўсё больш людзей у свеце, у тым ліку дзве ізраільскія праваабарончыя арганізацыі.
Адносіны з Кітаем
Леў XIV запэўніў, што ў адносінах з Кітаем Святы Пасад будзе працягваць палітыку апошніх гадоў: весці дыялог і імкнуцца “атрымаць больш выразнае разуменне таго, як Касцёл можа працягваць сваю місію, паважаючы як культуру, так і палітычныя рэаліі”, а таксама значную групу католікаў, “якія на працягу многіх гадоў адчуваюць пэўны прыгнёт або цяжкасці ў свабодным жыцці сваёй верай, не займаючы чыйсьці бок”. “Гэта вельмі складаная сітуацыя”, — прызнаў Пантыфік.
Касцёл і палітыка ў ЗША
Першы Папа з ЗША не лічыць, што яго паходжанне можа істотна паўплываць на глабальную дынаміку, але спадзяецца, што гэта дапаможа ў яго адносінах з амерыканскім епіскапатам, які меў непаразуменні з папярэднім Пантыфікам. “Тое, што я амерыканец, азначае, сярод іншага, што людзі не змогуць сказаць, як гэта было з Францішкам: “Ён не разумее Злучаныя Штаты, ён проста не бачыць, што адбываецца”, — адзначыў Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў, што не мае намеру ўмешвацца ў палітычнае жыццё ЗША, бо больш дарэчна, каб з Дональдам Трампам узаемадзейнічала кіраўніцтва Касцёла ў Злучаных Штатах.
Праблема злоўжыванняў
Падчас інтэрв’ю закраналася тэма сексуальных злоўжыванняў у Касцёле. Папа адзначыў важнасць вялікай павагі да пацярпелых, якія носяць раны ад перажытага на працягу ўсяго жыцця.
Папа Леў XIV заўважыў, што “больш за 90 працэнтаў тых, хто заявіў і выставіў абвінавачванні аб злоўжываннях, з’яўляюцца сапраўднымі ахвярамі”, аднак сустракаюцца таксама і “даказаныя выпадкі ілжывых абвінавачванняў”, якія “знішчылі” некаторых святароў.
На думку Папы, пытанне злоўжыванняў неабходна працягваць вырашаць, але яно не можа быць цэнтральным у жыцці Касцёла. “Пераважная большасць членаў Касцёла – святароў, біскупаў і манахаў – ніколі нікім не злоўжывалі. Таму мы не можам дазволіць, каб увесь Касцёл засяроджваўся выключна на гэтым пытанні”, — дадаў ён.
Сексуальныя меншасці і вучэнне Касцёла
Пантыфік адзначыў, што не хоча палярызацыі ў Касцёле па тэме адносін да людзей з супольнасці ЛГБТК+. Адносна “Fiducia Supplicans” ён сказаў: “Вядома, мы можам благаслаўляць усіх, але не павінны шукаць спосабу рытуалізацыі якога-кольвечы благаслаўлення”.
Папа падкрэсліў, што Касцёл адкрыты для ўсіх, бо ўсе з’яўляюцца Божымі дзецьмі, але гэта не азначае змены каталіцкага вучэння. Ён назваў малаверагодным, што ў бліжэйшай будучыні зменіцца дактрына Касцёла аб сексуальнасці, сужэнстве і сям’і.
Не зменіцца і вучэнне аб пасвячэнні жанчын, запэўніў Святы Айцец. Ён адзначыў таксама, што “працягне шлях Францішка, прызначаючы жанчын на кіруючыя пасады на розных узроўнях Касцёла”. Папа ўзгадаў пра “спрэчнае” пытанне так званых дыяканіс, якое абмяркоўвалася падчас апошняй сесіі Сінода Біскупаў, падкрэсліўшы, што не мае намеру ўводзіць нейкія змены ў гэтай сферы.
Эканоміка Святога Пасада і рэформа Рымскай курыі
Папа Леў XIV прызнаўся, што пачынае мець больш яснае ўяўленне пра сітуацыю з ватыканскімі фінансамі. Ён згадаў пра шэраг выклікаў, сярод якіх стан пенсійнага фонду, але адзначыў таксама “значныя крокі” ў сферы кантролю і балансу фінансаў, зробленыя падчас пантыфікату Францішка. Па словах Папы, “мы павінны працягваць працаваць”, бо яшчэ не час, каб “расслабіцца і сказаць, што крызіс скончыўся”. У той жа час ён падкрэсліў, што “не губляе сон” з прычыны эканамічнай сітуацыі Святога Пасада.
Пантыфік паведаміў аб намеры прыняць некаторыя рашэнні, накіраваныя на “дэмантаж і перамену ізаляванага спосабу функцыянавання кожнай дыкастэрыі Рымскай курыі”. Ён заўважыў, што адсутнасць дыялогу і камунікацыі часам “значна абмяжоўвала кіраванне Касцёлам і шкодзіла яму”.
Дыялог з прыхільнікамі перадсаборнага абраду
Гаворачы пра пытанне так званай Трыдэнцкай Імшы, Папа выказаў шкадаванне, што “некаторыя выкарыстоўвалі літургію як палітычны інструмент”. Па яго словах, неўзабаве з’явіцца магчымасць “сесці за стол з групай людзей, якія падтрымліваюць трыдэнцкі абрад”, і, магчыма, праблему атрымаецца вырашыць “з дапамогай сінадальнасці”.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!