Хоць большасць дыяцэзій у ЗША змагаецца з крызісам пакліканняў, аднак тых, хто жадае стаць святаром, чакаюць ужо добра рэфармаваныя духоўныя семінарыі.
За апошнія гады духоўныя семінарыі ў ЗША прайшлі грунтоўную рэформу, выкліканую крызісам, звязаным злоўжываннямі духавенства. Арыенцірам стала навучанне св. Яна Паўла II, а ў тэалогіі Ранера змянілі фон Бальтазар і Ратцынгер.
«Некаторыя семінарыі па-ранейшаму патрабуюць рэформаў, але большасць з іх знаходзіцца ў найлепшым стане за дзесяцігоддзі», — лічыць Джордж Вейгел, біёграф Яна Паўла II і запрошаны выкладчык у многіх семінарыях.
Ксёндз Картэр Грыфін, рэктар семінарыі ў Вашынгтоне, падкрэслівае, што ў рэформе скарысталіся з указанняў Яна Паўла II. Яго адгартацыя “Pastores dabo vobis” стала ў ЗША «вялікай хартыяй семінарыйнай фармацыі».
«У нас ужо ёсць два ці тры пакаленні святароў, адукаваных у адпаведнасці з гэтым дакументам, што выклікала вялікія змены. Глыбокія падзелы, якія закранулі семінарыі ў мінулым, больш не існуюць», — кажа кс. Грыфін.
Карміна Чап, дэкан тэалогіі ў семінарыі святога Карла Барамея ў Філадэльфіі, звяртае ўвагу на змены ў тэалагічнай фармацыі. Семінарыі перайшлі ад праграмы, заснаванай на Карле Ранеры, да праграмы, натхнёнай працамі Ганса Урса фон Бальтазара і Бэнэдыкта XVI, з іх зваротам да Святога Пісання і Айцоў Касцёла.
На думку рэктара вашынгтонскай семінарыі, змены адпавядаюць чаканням саміх семінарыстаў. «Людзі, якія ў нашы секулярызаваныя часы вырашаюць абраць святарства, не зацікаўлены “разбаўленым хрысціянствам”. За апошнія 14 гадоў я суправаджаў 250 семінарыстаў, і амаль усе прагнуць моцнага, упэўненага і яснага абвяшчэння поўнага паслання Евангелля», — дадае кс. Картэр Грыфін.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
