Каталіцкая адукацыя – гэта не толькі багаслоўе

Верасень – час пачатку навучальнага году не толькі ў свецкіх установах, але і ў рэлігійных, у тым ліку – каталіцкіх. Ёсць свае каталіцкія навучальныя ўстановы і ў Беларусі, але па факце яны вельмі адрозніваюцца ад таго, што можна знайсці за мяжой.

На сёння ў Беларусі існуюць чатыры каталіцкія навучальныя ўстановы: адна Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семiнарыя ў Гродне, а таксама тры каледжы: у Мінску, Баранавічах і Гродне. Разам з тым усе яны не ўбудаваныя ў адукацыйную сістэму краіны, а маюць вузкарэлігійную спецыялізацыю – рыхтуюць кадры выключна для Касцёла: святароў, катэхетаў, кантараў, куратараў пілігрымак, супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ. У свецкія ўстановы з іх дыпломамі не надта актыўна бяруць.

З 2014 года пад Мінскам спрабавалі заснаваць яшчэ Багаслоўскую акадэмію імя Яна Паўла ІІ, але і яна мусіла перадусім рыхтаваць касцельныя кадры або даваць рэлігійную адукацыю свецкім. А вось менавіта каталіцкіх навучальных устаноў, дзе можна было б атрымаць самую розную адукацыю і, неабавязкова рэлігійную, у Беларусі няма ўжо амаль два стагоддзі. Але гэта не значыць, што такія не існуюць у іншых краінах.

Паводле касцельнай статыстыкі за 2024 год, каталіцкая адукацыя мае самыя розныя формы. Гэтак, у свеце налічваліся 74 322 дзіцячыя садкі з 7 622 480 выхаванцамі, 102 189 пачатковых школ з 35 729 911 выхаванцамі і 50 851 сярэдняя школа з 20 566 902 навучэнцамі. Яшчэ 3 925 393 студэнты вучыліся ў вышэйшых навучальных установах, звязаных з Каталіцкім Касцёлам, і 2 460 993 – у спецыялізаваных.

Каталіцкія навучальныя ўстановы знаходзяцца на ўсіх кантынентах. Найбольш навучэнцаў каталіцкіх дзіцячых садкоў, пачатковых і сярэдніх школ жыве ў Афрыцы (амаль 37%, 58% і 32 % адпаведна).

А вось каталіцкія ВНУ найбольш папулярныя ў Амерыцы: там жыве амаль 63% студэнтаў такога кшталту ўстановаў.

Каталіцкія адукацыйныя ўстановы на сваім узроўні надаюць увесь комплекс адукацыі, як і іх дзяржаўныя аналагі. Але ад дзяржаўных яны адрозніваюцца тым, што надаюць асаблівую ўвагу развіццю асобы як хрысціянскага верніка і выкладанню рэлігіі. Згодна з канонам 803 Кодэксу кананічнага права, “школа лічыцца каталіцкай, калі ёй кіруе кампетэнтная касцельная ўлада ці касцельная публічная юрыдычная асоба або яна была прызнана ў такой якасці пісьмовым дакументам касцельнай улады”. Навучанне і выхаванне ў каталіцкай школе павінны засноўвацца на прынцыпах хрысціянскага вучэння; настаўнікі павінны вылучацца “прыхільнасцю да гэтага вучэння і добрапрыстойнасцю жыцця”. “Ніякая школа, нават калі яна сапраўды з’яўляецца каталіцкай, не можа мець назву “каталіцкая школа” без згоды кампетэнтнай касцельнай улады”, – абвяшчае Кодэкс.

Каталіцкія навучальныя ўстановы, як правіла, з’яўляюцца пазаканфесійнымі, то бок прымаюць усіх, незалежна ад рэлігіі ды канфесіі, а таксама полу, расы, этнічнай прыналежнасці або грамадзянства пры ўмове захавання правілаў і палажэнняў для плённага школьнага жыцця. У выніку лічбы католікаў у іх могуць вельмі моцна адрознівацца. Напрыклад, у ЗША ў каталіцкіх навучальных установах, паводле падлікаў Нацыянальнай каталіцкай адукацыйнай асацыяцыі (NCEA), летась толькі 71,8% навучэнцаў і 73,4% супрацоўнікаў былі католікамі. А ў Вялікабрытаніі, у Англіі і Уэльсе, католікаў сярод навучэнцаў было толькі 56,4%, а супрацоўнікаў яшчэ менш – 43%. Кожны дзясяты вучань там сярод тых, хто не ёсць католікам, – мусульманін.

Аднак некатолікі, незалежна ад таго, зʼяўляюцца яны хрысціянамі ці не, могуць быць абавязаныя ўдзельнічаць у рэлігійных мерапрыемствах школы. Гэтак, у Англіі і Уэльсе толькі 0,04% вучняў вызваленыя ад удзелу ў калектыўных набажэнствах, такіх, як святая Імша і малітвы на сходах, сведчаць падлікі Каталіцкай службай адукацыі (CES).

Згаданая вышэй шырокая распаўсюджанасць каталіцкіх адукацыйных установаў у Афрыцы ёсць вынікам арыентацыі каталіцкіх школ і дзіцячых садкоў у значнай ступені на бедныя і незабяспечаныя сем’і.

Нават у багатай Вялікабрытаніі, як заяўляецца, каталіцкія школы прымаюць на 50% больш вучняў з самых бедных семʼяў, чым дзяржаўныя. Таксама ў Англіі і Уэльсе ў каталіцкіх школах часцей навучаюцца дзеці мігрантаў, якім прасцей іх аддаць туды. Там вучні з этнічных меншасцяў складаюць 45,5% ад агульнай колькасці навучэнцаў каталіцкіх школ, у параўнанні з сярэднім паказчыкам па дзяржаўных школах у 37,4%. “Многія каталіцкія школы былі заснаваныя ў XIX стагоддзі для дапамогі маламаёмасным семʼям імігрантаў, і гэтая традыцыя надання адукацыі найбольш тым, хто жыве ў нястачы, працягваецца з тых часоў”, – адзначае Пол Барбэр, дырэктар CES.

Пры гэтым каталіцкія адукацыйныя ўстановы даюць і больш высокі ўзровень ведаў за дзяржаўныя. У Англіі і Уэльсе ён вышэйшы на сем працэнтных пунктаў. А ў ЗША сярэдні паказчык здачы выпускных экзаменаў у 2023 годзе ў навучэнцаў каталіцкіх школаў склаў 99%, у прыватных – 95%, а ў дзяржаўных удвая менш – толькі 49%, згодна са звесткамі Нацыянальнага цэнтру адукацыйнай статыстыкі. Праўда, у Злучаных Штатах навучанне ў каталіцкіх школах прадстаўнікі бедных і малазабяспечаных сем’яў дазволіць сабе не могуць – там яно параўнальнае па коштах з прыватнымі школамі, хоць і прадугледжвае магчымасць стыпендый і фінансавай дапамогі.

Што датычыць вышэйшай адукацыі, то, па ацэнках ліквідаванай у 2022 годзе Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі, у свеце было 1358 каталіцкіх навучальных установаў і ўніверсітэтаў. Іх дзейнасць і заснаванне рэгулююцца таксама Кодэксам кананічнага права (каноны 807-814). Каталіцкія ВНУ адрозніваюцца ад багаслоўскіх факультэтаў тым, што выкладаюць і даследуюць прадметы, агульныя для ўсіх універсітэтаў, але ў святле хрысціянскай веры. У прыватнасці, “кампетэнтная касцельная ўлада павінна паклапаціцца пра тое, каб у каталіцкіх універсітэтах былі заснаваныя факультэт, інстытут або прынамсі кафедра тэалогіі, дзе ажыццяўлялася б выкладанне таксама для свецкіх студэнтаў” (канон 811). “Яны клапоцяцца пра развіццю навук і падрыхтоўку сапраўдных прафесіяналаў: людзей ведаў і культуры, якія, абапіраючыся на сваю веру і усведамляючы як вынік веры адданасць справе, здольныя сведчыць пра сваю веру перад усім светам і, заахвочаныя духам служэння, старанна працаваць, уносячы ўклад у праўдзівы прагрэс чалавецтва, удасканальваючы чалавечую асобу ва ўсіх яе вымярэннях, не забываючы пра духоўнае і рэлігійнае, тым самым садзейнічаючы міру, салідарнасці і дабру чалавецтва”, – гаворыцца на сайце Дыкастэрыі культуры і адукацыі.

Пры гэтым дыпломы каталіцкіх універсітэтаў прызнаюцца гэтак жа, як і дыпломы дзяржаўных універсітэтаў краін, у якіх яны працуюць. Дый у цэлым каталіцкія ВНУ займаюць даволі высокія пазіцыі ў сусветных рэйтынгах. Напрыклад, Лёвэнскі каталіцкі ўніверсітэт у Бельгіі, якому сёлета споўнілася 600 гадоў, размясціўся на 60-м радку ў сусветным рэйтынгу ўніверсітэтаў QS World University Rankings. Для параўнання, найлепшая ВНУ Беларусі – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) – у рэйтынгу толькі 447-ы.

Абганяе большасць беларускіх ВНУ і Каталіцкі ўніверсітэт Карэі (741-750 месцы).

Аўстралійскі каталіцкі ўніверсітэт дзеліць 851-900 месцы з БНТУ – другім беларускім ВНУ ў рэйтынгу, а Фу-джэньскі Каталіцкі ўніверсітэт на Тайвані (1201-1400) апярэджвае БДУІР – трэці беларускі ўніверсітэт, які трапіў у рэйтынг на месца 1400+.

Каталіцкія ВНУ працуюць актыўна і ў суседніх з Беларуссю краінах. Напрыклад, у Польшчы дзейнічаюць Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт Яна Паўла ІІ, езуіцкі Універсітэт Ігнаціянум у Кракаве, Папскі ўніверсітэт Яна Паўла ІІ, ва Украіне – Украінскі каталіцкі ўніверсітэт у Львове. Сярод кірункаў, якія яны прапануюць аспірантам, – педагогіка, паліталогія, адміністрацыя, права, філалогія, лінгвістыка, гісторыя, мастацтва, медыцына, матэматыка, журналістыка і іншае. У тым ліку, вядома, і багаслоўе.

У Беларусі ж пакуль нічога такога няма. А ўсе ранейшыя аналагі, якія былі заснаваныя езуітамі, піярамі, базыльянамі і іншымі манаскімі ордэнамі ў часы Рэчы Паспалітай, у тым ліку Полацкая езуіцкая акадэмія, былі ліквідаваныя ў часы Расійскай імперыі, і з тае пары так і не аднавіліся як каталіцкія навучальныя ўстановы.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку