Паводле інфармацыі Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва, у гэтым годзе Касцёл у Польшчы атрымае 235 новых святароў, у тым ліку 153 дыяцэзіяльных і 82-х святароў з манаскіх супольнасцяў.
Гэта прыкладна на 50 святароў менш, чым годам раней. Найбольшая колькасць святароў будзе пасвечана ў Тарнаўскай дыяцэзіі і Кракаўскай архідыяцэзіі, а таксама ў ордэнах паўлінаў і францішканаў.
— Час буму пакліканняў заканчваецца, але я б не стаў інтэрпрэтаваць гэта выключна з пункту гледжання крызісу. Аднак невялікія лічбы, безумоўна, з’яўляюцца выклікам для ўсёй супольнасці Касцёла, – каментуе кс. Ян Фрацковяк, старшыня Канферэнцыі рэктараў духоўных семінарый.
Кс. Дар’юш Бартоха SDB, сакратар Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў мужчынскіх манаскіх ордэнаў у Польшчы, адзначае, што змяншэнне колькасці новапасвечаных святароў, вядома, з’яўляецца прадметам пастаянных разважанняў.
На яго думку, працэс паклікання датычыць не толькі стану веры, але на развіццё або крызіс пакліканняў таксама ўплываюць сацыяльныя і палітычныя фактары, якія фарміруюць духоўны стан у дадзеным рэгіёне. — Усе яны аб’ядноўваюцца, ствараючы канчатковы вынік у выглядзе рашэння чалавека адносна свайго жыцця, у большай ці меншай ступені адказаць на заклік Бога, — адзначае кс. Дар’юш.
На пытанне, чаму адны і тыя ж ордэны, такія як паўліны, дамінікане і францішкане, штогод рэгіструюць найбольшую колькасць святарскіх пасвячэнняў, кс. Дар’юш адказвае, што гэта можа быць звязана як з «прывабнасцю» харызмы пэўнай манаскай супольнасці, так і з прызнаннем ордэна, што вынікае з памеру кангрэгацыі ў дадзенай вобласці.
— Калі ў таго ці іншага ордэна ў Польшчы толькі два кляштары, то яго прызнае невялікая колькасць моладзі, а астатнія нават не будуць ведаюць, што такая кангрэгацыя існуе. Але калі супольнасць існуе ў многіх месцах, яна больш пазнавальная, і той, хто шукае жыццёвы шлях, знойдзе яе лягчэй.
Што тычыцца харызмы кангрэгацыі, то яна адпавядае патрэбам дадзенага часу. У часы вялікіх войнаў для догляду за хворымі і паміраючымі ствараліся шпітальныя ордэны. Але вельмі часта немагчыма зразумець розумам, што адбываецца ў сэрцы пэўнага чалавека і чаму ён звярнуўся менавіта ў гэтую кангрэгацыю, а не ў іншую, — адзначае кс. Дар’юш.
Дух Святы абнаўляе Касцёл
— Фактычна, тэндэнцыя да зніжэння як кандыдатаў у духоўныя семінарыі, так і тых, хто прымае святарскае пасвячэнне ў Польшчы захоўваецца цягам доўгага часу. Аднак я б не стаў інтэрпрэтаваць яе выключна з пункту гледжання крызісу. Я перакананы, што для Духа Святога, які кіруе Касцёлам дзве тысячы гадоў, крызісы з’яўляюцца не столькі драматычнымі момантамі гісторыі, колькі абставінамі, у якіх Ён аднаўляе свой Касцёл, — каментуе кс. д-р Ян Фрацковяк, рэктар Арцыбіскупскай семінарыі ў Познані і старшыня Канферэнцыі рэктараў вышэйшых дыяцэзіяльных і манаскіх семінарый.
На яго думку, на цяперашнюю сітуацыю трэба глядзець і з гістарычнага пункту гледжання. — Час буму пакліканняў заканчваецца. У нас ёсць унікальны вопыт у гісторыі Касцёла ў Польшчы, калі мы мелі сорак поўных дыяцэзіяльных семінарый, не лічачы шматлікіх дамоў манаскай фармацыі. Такога яшчэ не было і – як паказвае цяперашняя сітуацыя – не адбудзецца ў бліжэйшы час – кажа кс. Ян Фрацковяк.
— Сітуацыя малой колькасці пакліканняў таксама з’яўляецца канкрэтнай праблемай: для фарматараў семінарыі — добра выкарыстаць магчымасць індывідуальнай працы са студэнтамі; для пастыраў Касцёла — шукаць новыя спосабы арганізацыі пастырскага служэння, умела выкарыстоўваючы меншыя чалавечыя рэсурсы душпастыраў і ў той жа час забяспечваючы эфектыўны ўдзел свецкіх людзей; для ўсёй касцёльнай супольнасці – каб яна станавілася ўсё больш ясным сведчаннем Хрыста і вучылася эфектыўна перадаваць веру сучаснаму чалавеку, – заключае старшыня Канферэнцыі рэктараў вышэйшых духоўных семінарый.
Паводле deon.pl
пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
