Падзеі ва Украіне сур’ёзна ставяць пад сумнеў праваслаўную канцэпцыю царкоўна-дзяржаўнай сімфоніі, — адзначыў кардынал Курт Кох.
Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству прызнаў, што з прычыны вайны ва Украіне дыялог з Рускай Праваслаўнай Царквой апынуўся ў вельмі складанай сітуацыі. Паводле яго, гэты дыялог павінен працягвацца, каб нагадваць аб тым, што хрысціяне заўсёды павінны служыць міру, а не падтрымліваць вайну. У гэтым кантэксце важнай стала нядаўняя размова Папы з Патрыярхам Маскоўскім.
“Дыялог ні ў якім разе нельга перарываць, бо гэта адзіны спосаб выкласці ўласную пазіцыю. Францішак вельмі ясна даў зразумець падчас відэазванка, што ён удзячны за сустрэчу. Затым ён сказаў: мы не капеланы дзяржавы, а пастыры народа, і таму ў нас няма іншага паслання, акрамя як спыніць вайну. Гэта быў вельмі выразны пасыл. Але ці дайшоў ён да Патрыярха, сказаць не магу”, — падзяліўся кардынал Кох.
Іерарх лічыць, што настаў момант абмеркаваць з праваслаўнымі пытанне пра адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам. “У нас на гэты конт дзве абсалютна розныя канцэпцыі. На Захадзе мы вымушаны былі засвоіць, што правільныя адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай – гэта падзел, пры адначасовым партнёрстве абодвух суб’ектаў. Гэты падыход не ведаюць на Усходзе, у праваслаўі. Там гаворыцца пра царкоўна-дзяржаўную сімфонію. І гэта канцэпцыя ляжыць у аснове цяперашніх падзей”, — заўважыў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Ён лічыць, што вайна ва Украіне сур’ёзна ставіць пад сумнеў гэтую канцэпцыю.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!