Філіпінскі кардынал Луіс Антоніа Тагле, які нядаўна быў абраны старшынёй “Caritas internationalis”, выступіць падчас аднаго з канцэртаў музычнага фестывалю, які пройдзе 29-31 мая 2015 г. у базыліцы св. Себасцьяна ў Маніле.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, ідэя арганізатараў праекта – “евангелізацыя праз духоўную музыку”. Яны тлумачаць, што хочуць падзяліцца “духам рэлігійнай музыкі як свайго роду малітвы, істотнага элементу хрысціянскага жыцця і каштоўнага спосабу распаўсюджвання радасці Евангелля”. Арцыбіскуп Манілы заспявае 30 мая падчас бясплатнага канцэрту разам з двума хорамі.
Музычны талент іерарха стаў шырока вядомы ў 2009 г. пасля выступлення з катэдральным хорам ў дыяцэзіі Імус, пастырам якой ён з’яўляўся на той час.
Пазней, як арцыбіскуп сталіцы Філіпін, ён спяваў падчас канцэртаў, накіраваных на збор сродкаў для сацыяльнай дзейнасці сваёй архідыяцэзіі.
