Ужо больш за дваццаць гадоў айцы піяры са Шчучына збіраюць у сваёй парафіі вялікую колькасць дзяцей і моладзі на тыднёвую малітоўна-інтэграцыйную акцыю “Канікулы з Богам”.
У гэтым годзе гэта мерапрыемства адбылося з 19 па 26 жніўня і сабрала каля паўтысячы асобаў. Яно прайшло пад дэвізам “Святасць — гэта шлях да Неба”.
У кожнага дня “Канікулаў з Богам” быў свой святы або блаславёны заступнік. Дзякуючы тэатральным пастаноўкам удзельнікі маглі даведацца пра лёс святых, якія былі іх равеснікамі. Гэта Францішак і Хасінта Марто, святы Дамінік Савіё, слуга Бога Карло Акуціс, святы Хасэ Санчас дэль Рыо, блаславёная К’яра Бадано, блаславёны П’ер Джорджо Фрасаці і вялебны Глічэр’ё Ландрыані. Жыццё кожнага з гэтых маладых святых несумнеўна аказала вялікае ўражанне на ўдзельнікаў.
Інтэграцыйнай імпрэзе спадарожнічала штодзённая малітва з рэлігійнымі спевамі. Хапала розных неспадзяванак, якія былі падрыхтаваныя айцамі піярамі, клерыкамі і выхавацелямі. Танцы і забавы, гульні на свежым паветры, прыжкі на батутах, музычныя і спартыўныя спаборніцтвы – гэта толькі частка таго, што чакала ўдзельнікаў “Канікулаў з Богам”.
Ну а якія канікулы без салодкіх пачастункаў?! Іх дзеці і моладзь атрымлівалі кожны дзень.
Афіцыйнае завяршэнне сёлетніх “Канікулаў з Богам” адбылося ў нядзелю 26 жніўня на супольнай Эўхарыстыі.
Варта дадаць, што кожны вечар удзельнікаў чакала адмысловая малітоўна-забаўляльная праграма. Гэта супольная адарацыя, Крыжовы шлях, святая Імша ў гонар святога Юзафа Каласанса, заснавальніка ордэна піяраў, праслаўленне Бога спевам у цэнтры Шчучына і танцамі, што аб’ядноўвалі ўсіх.
Ужо зараз айцы піяры запрашаюць на “Канікулы з Богам – 2019”.
а. Віталь Слука SP, тэкст і фота
