«Канікулы з Богам» прайшлі ў браслаўскай парафіі

«Як вялікі так маленькі можа быць святы…» Менавіта такой была тэма «Канікулаў з Богам» у нашай парафіі. Летнік адбыўся 21-25 чэрвеня. У ім прымалі ўдзел 50 дзяцей.

Кожны дзень дзеці пазнавалі жыццё і дзейнасць розных святых. На сустрэчах у групах разважалі, як можна падабацца Богу і як крочыць дарогай святасці.

Галоўным момантам кожнага дня была сустрэча з Езусам у Эўхарыстыі. Таксама былі забавы, квэсты, сюрпрызы. У гэтыя дні дзеці збіралі «браскоіны» за добрыя ўчынкі і паводзіны. Пасля адбыўся кірмаш, дзе за гэтыя грошы можна было набыць тое, што было на прылаўку. Вялікай радасцю ў спякотныя дні быў адпачынак на возеры.

Са шчырай падзякай хочам звярнуцца да нашых дабрадзеяў, якія адчынілі дзверы сваіх установаў, а менавіта дзякуем:

Цэнтру дзяцей і моладзі за цудоўныя магчымасці дзецям танчыць, спяваць, граць на інструментах, маляваць, рабіць ручныя вырабы і шмат іншага. Паруснай школе цэнтра «Дрывяціч» за экскурсію і катамараны падчас адпачынку на возеры. Браслаўскай арганізацыі «Таварыства выратавання на вадзе» за знаёмства з ратаўнікамі і вадалазамі. за інфармацыю аб паводзінах на возеры.

Вельмі цікавыя і пазнавальныя сустрэчы праводзіў кс. Адам, які распавядаў пра бласлаўлёнага Францішка Ярдана і гісторыю абраза Маці Божай Браслаўскай. Наша арганістка — Іна Эдуардаўна — вучыла дзяцей песням да Маці Божай і правяла музычную «віктарыну» касцёльных спеваў: па першых нотах дзеці адгадвалі, якая гэта песня. Кс. Уладзімір маліўся разам з намі і прамаўляў навуку.

Галоўным ініцыятарам і арганізатарам летніка быў пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд. Праводзілі летнік сёстры эўхарысткі і аніматары Оля і Паліна з Жодзіна. Дапамагалі ў правядзенні падлеткі нашай парафіі, якія ахвяравалі свой час і здольнасці.

На заканчэнне летніка абылося прысвячэнне сябе Маці Божай Браслаўскай. На ўспамін пра гэта дзеці атрымалі медалікі з выявай Валадаркі Азёраў.

С. Наталля Арлянковіч SJE
waladarka.by

для друку для друку